ПСАЛТЫР 83 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 83 1 Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Сыноў Карэевых. Псальма. 2 Якія жаданыя селішчы Твае, Госпадзе сіл! 3 Душа мая стужылася, прагнучы ў двары Гасподнія; сэрца маё і цела маё імкнуцца да Бога жывога. 4 І птушка знаходзіць сабе жытло, і ластаўка гняздо сабе, дзе пакласьці птушанятак сваіх, каля алтароў Тваіх, Госпадзе сіл, Цару мой і Божа мой! 5 Дабрашчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім; яны няспынна будуць славіць Цябе. 6 Дабрашчасны чалавек, сіла Якога ў Табе, і ў якога ў сэрцы сьцежкі вядуць да Цябе. 7 Ідучы далінаю плачу, яны адчыняюць у ёй крыніцы, і дождж пакрывае яе дабраславеньнем; 8 прыходзяць ад сілы ў сілу, паўстаюць прад Богам на Сіёне 9 Госпадзе, Божа сіл! Пачуй малітву маю, уважы, Божа Якаваў! 10 Божа, абаронца наш! Прынікні і дагледзь аблічча памазанца Твайго. 11 Бо адзін дзень у дварах Тваіх лепшы за тысячу. Хачу лепей быць каля парога ў доме Божым, чым жыць у намётах няславы. 12 Бо Гасподзь Бог ёсьць сонца і шчыт, Гасподзь дае мілату і славу; дабра не адмаўляе тым, хто ў беззаганнасьці ходзіць. 13 Госпадзе сіл! Дабрашчасны той чалавек, які на Цябе спадзяецца! |