Пс 1051 Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная. 2 Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную? 3 Дабрашчасныя - хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час! 4 Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім, 5 каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю. 6 Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду. 7 Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора. 8 Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю. 9 Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім; 10 і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага. 11 Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося. 12 І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму. 13 Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня: 14 і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай. 15 І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць. 16 І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму. 17 Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню. 18 І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных. 19 Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу; 20 і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву. 21 Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў, 22 дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора. 23 І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх. 24 І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму; 25 і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга. 26 І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні, 27 і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі. 28 Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным, 29 і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх. 30 І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, - і спынілася пошасьць 31 І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род. 32 І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх, 33 бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі. 34 Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь; 35 а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх; 36 служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю, 37 і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам; 38 пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, - і зьнячысьцілася зямля крывёю; 39 зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі. 40 І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю 41 і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі. 42 Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю. 43 Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё. 44 Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі, 45 і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх, 46 і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон. 47 Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю. 48 Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя! |