ПСАЛТЫР 106 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 106 1 Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная! 2 Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага 3 і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора. 4 Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада; 5 цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх. 6 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх, 7 і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада. 8 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых: 9 бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром. 10 Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам; 11 бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі. 12 Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка. 13 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх, 14 вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы. 15 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых: 16 бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў. 17 Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае; 18 усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці. 19 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе; 20 паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх. 21 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым! 22 Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю! 23 Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, - 24 бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані: 25 Ён маўляе, - і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго: 26 узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах; 27 яны кружацца і хістаюцца, нібы п'яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае. 28 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх. 29 Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца. 30 І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані. 31 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым! 32 Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў! 33 Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады - у сушу, 34 зямлю пладавітую - у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй. 35 Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую - у крыніцу вады; 36 і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім; 37 засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады. 38 Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее. 39 Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі; 40 Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма. 41 А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак. 42 Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае. 43 Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада. |