Пс 1041 Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя. 2 Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя. 3 Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада. 4 Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды. 5 Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных, 6 вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя. 7 Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя. 8 Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў, 9 якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку, 10 і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным, 11 кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай. 12 Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй, 13 і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя, 14 нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў: 15 «не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла». 16 І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў. 17 Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп. 18 Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная, 19 пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго. 20 Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго. 21 Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім, 22 каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці. 23 Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву, 24 і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных. 25 Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных. 26 Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў. 27 Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай. 28 Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму. 29 Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю. 30 Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх. 31 Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы. 32 Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю. 33 І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх. 34 Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў; 35 і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх. 36 І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй. 37 І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага. 38 Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго. 39 Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу. 40 Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх. 41 Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх, 42 бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго, 43 і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці: 44 і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую, 45 каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя! |