ПСАЛТЫР 103 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)Пс 103 1 Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч, 2 Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону, 3 ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру. 4 Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх - з вагню палымянага. 5 Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна. 6 Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць. 7 Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны; 8 узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў. 9 Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць. 10 Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды, 11 пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю. 12 Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы. 13 Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца. 14 Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў, 15 і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку. 16 Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў; 17 на іх гняздуюцца птушкі: яліны - пад гняздо буслам, 18 высокія горы - сарнам; каменныя скалы - сховы зайцам. 19 Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад. 20 Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры; 21 ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе. 22 Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы; 23 выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара. 24 Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх. 25 Гэта мора - вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія; 26 там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім. 27 Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова. 28 Даеш ім - прымаюць; адкрываеш далоню Тваю - насычаюцца дабром; 29 схаваеш аблічча Тваё - палохаюцца; забіраеш у іх дух - паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца; 30 пашлеш дух Твой - ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі. 31 Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі. 32 Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца. 33 Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць. 34 Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе. 35 Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя! |