Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 КАРЫНФЯНАЎ 16 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
1 КАРЫНФЯНАЎ 16

1 Кар 16

1 А зьбіраючы для сьвятых, рабеце так, як я ўстанавіў у цэрквах Галятыйскіх;

2 у першы дзень тыдня кожны з вас хай адкладвае ў сябе і ашчаджае, колькі дазваляе яму дастатак, каб не рабіць збораў, калі я прыйду.

3 А як прыйду, дык, каго вы выбераце, тых пашлю зь пісьмамі, каб даставілі ваш дар у Ерусалім.

4 А калі і мне прыстойна будзе выправіцца, дык яны са мною пойдуць.

5 Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду цераз Македонію.

6 А ў вас, можа стацца, пажыву, або і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.

7 Бо я не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходзь, а спадзяюся прабыць у вас колькі часу, калі Гасподзь дазволіць.

8 А ў Эфэсе я прабуду да Пяцідзясятніцы,

9 бо мне адчынены вялікія і шырокія дзьверы, і праціўнікаў многа.

10 Калі ж прыйдзе да вас Цімафей, глядзеце, каб ён быў у вас убясьпечаны; бо ён чыніць справу Гасподнюю, як і я.

11 Таму хай ніхто ім не пагардзіць, а праводзьце яго зь мірам, каб ён прыйшоў да мяне; бо я чакаю яго з братамі.

12 А што да брата Апалоса, я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не хацеў ісьці сёньня, а прыйдзе, калі яму будзе спорна.

13 Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужныя, цьвёрдыя;

14 усё ў вас няхай будзе зь любоўю.

15 Прашу вас, браты, вы ведаеце, сямейства Сьцяпанавае, што яно ёсьць пачатак Ахаіі, і што яны прысьвяцілі сябе служэньню сьвятым;

16 будзьце ж і вы пачцівыя да такіх і да кожнага, хто пасабляе і працуе.

17 Я рады прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка: яны бо адшкадавалі мне вашу адсутнасьць,

18 бо яны мой і ваш дух супакоілі. Шануйце такіх.

19 Вітаюць вас цэрквы Асійскія; вітаюць вас рупліва ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з хатняю іхняю царквою.

20 Вітаюць вас, усе браты. Вітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем.

21 Маё Паўлава вітаньне сваёю рукою.

22 Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафэма; маранафа.

23 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі,

24 і любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін.