Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 КАРЫНФЯНАЎ 1 - Біблія (пераклад В. Сёмухі)


2 Кар 1

1 Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынфе з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі:

2 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,

4 Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!

5 Бо як памнажаюцца ў нас цярпеньні Хрыстовыя, памнажаецца Хрыстом і суцяшэньне нашае.

6 Калі церпім смуткі мы, церпім дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, якое адбываецца празь цярпеньне такіх самых пакутаў, якія і мы церпім;

7 і надзея наша на вас цьвёрдая. Ці суцяшаемся мы, суцяшаемся дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, ведаючы, што вы маеце долю як у цярпеньнях нашых, так і ў суцяшэньні.

8 Бо мы ня хочам пакінуць вас, браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць.

9 Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,

10 Які і выбавіў нас ад такое блізкае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяёмся, што і яшчэ выбавіць,

11 калі паспрыяе і ваша малітва за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх, многія падзякавалі за нас.

12 Бо пахвала нашая гэтая ёсьць сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў чысьціні і богаспадобнай шчырасьці, ня ў плоцкай мудрасьці, а ў мілаце Божай, жылі ў сьвеце, асабліва ў вас.

13 І мы ня пішам вам іншага, як толькі тое, што вы чытаеце або разумееце, і што, як спадзяюся, да канца зразумееце,

14 як што вы ўжо часткова і зразумелі, што мы будзем вашаю славай, як і вы - нашаю, у дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 і ў гэтай пэўнасьці я зьбіраюся адведаць вас раней, каб вы яшчэ раз атрымалі мілату,

16 і ад вас перайсьці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсьці да вас, а вы мяне выправілі б у Юдэю.

17 Маючы такі намер, ці не легкадумна я зрабіў? Альбо, што я задумваю, па плоці задумваю, так што ўва мне то «так-так», то «не-не»?

18 Але верны Бог, што слова наша да вас ня было то «так», то «не».

19 Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы, я і Сілуан і Цімафей, прапаведавалі вам, ня быў «так» і «не»; а ў Ім было «так»,

20 бо ўсе абяцаньні Божыя ў ім «так» і ў Ім «амін» на славу Божую праз нас.

21 А Той, Хто мацуе нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,

22 Які і паклаў на нас пячатку і даў заклад Духа ў сэрцы нашыя.

23 Бога заклікаю ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынф,

24 не таму, што быццам мы бяром уладу над вераю вашаю; але мы спрыяем радасьці вашай; бо вераю вы цьвёрдыя.

Сачыце за намі:



Аб'явы