Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 58 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ПСАЛТЫР 58

Пс 58

1 Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда.

2 Ці сапраўды маўчаньнем прамаўляеце праведна? Ці справядліва судзіце сыноў чалавечых?

3 Але ж у сэрцы вы ўчынілі беззаконьне, злачынствы рук вашых на зямлі ўзважылі.

4 Ад улоньня [маці] адступіліся [ад Бога] бязбожнікі, блукаюць ад нараджэньня тыя, якія кажуць хлусьню.

5 Атрута іхняя — як атрута зьмяі, гадзюкі глухой, што вушы свае затыкае

6 і ня чуе голасу шаптуна, які заклінаць заклёнамі ўмее.

7 Божа, скрышы зубы іхнія ў вуснах іхніх! Выбі іклы львянятам, ГОСПАДЗЕ!

8 Няхай зьнікнуць яны як вада, што разьлілася; няхай, калі будуць нацягваць [лук], паломяцца стрэлы іхнія!

9 Няхай як сьлімак, што ледзьве паўзе, яны счэзнуць! Няхай як спарон жанчыны яны сонца ня ўбачаць!

10 Перш, чым катлы вашыя адчуюць [агонь ад] цярніны, няхай раскідае бура [цярніну], ці сьвежую, ці распаленую.

11 Узрадуецца праведнік, калі ўбачыць помсту; ён абмые стопы свае ў крыві бязбожнікаў!

12 І скажа [кожны] чалавек: «Сапраўды, ёсьць плод у праведніка! Сапраўды, ёсьць Бог, Які судзіць на зямлі!»