Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 59 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 59

1 Кіраўніку хору: на лад “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом [ягоны], каб яго забіць.

2 Выратуй мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! Ад тых, што паўстаюць супраць мяне, абарані мяне.

3 Выратуй мяне ад злачынцаў і збаў мяне ад людзей крывавых.

4 Бо вось, яны пільнуюць у засадзе душу маю, зьбіраюцца супраць мяне моцныя, і не за правіну маю, і не за грэх мой, ГОСПАДЗЕ!

5 Без [ніякай] віны маёй яны зьбягаюцца і шыхтуюцца [супраць мяне]. Збудзіся, выйдзі на спатканьне мне і паглядзі!

6 Ты Сам, ГОСПАДЗЕ, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля, абудзіся, каб наведаць усе народы! Ня мей літасьці для ўсіх ліхадзеяў і злачынцаў! (Сэлях)

7 Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.

8 Вось, пена [спадае] з пашчаў іхніх, у вуснах іхніх — мячы, бо [кажуць яны]: "Хто гэта чуе?"

9 Але Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш сьмяяцца з іх, Ты будзеш кпіць з усіх паганаў!

10 Моц Тваю буду шукаць у Табе, бо Бог — умацаваны замак мой!

11 Бог, Які міласэрны да мяне, у міласэрнасьці Сваёй сустрэне мяне; Бог дасьць мне ўгледзець [перамогу] над ворагамі маімі.

12 Не забівай іх, каб не забыўся народ мой! Захістай іх сілаю Тваёй і павалі іх, Госпадзе, шчыце наш!

13 Грэх вуснаў іхніх — словы на губах іхніх. Няхай яны будуць злоўлены ў фанабэрыстасьці сваёй за праклёны і ману, якія абвяшчаюць.

14 Зьнішчы іх у ярасьці, зьнішчы, няхай іх ня будзе, і няхай ведаюць, што Бог у Якубе пануе да канцоў зямлі! (Сэлях)

15 Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.

16 Бадзяючыся, бадзяюцца яны, каб што зьесьці; і не насыціўшыся, будуць жыць.

17 А я буду сьпяваць пра моц Тваю і раніцаю буду радавацца дзеля міласэрнасьці Тваёй, бо Ты стаўся для мяне ўмацаваным замкам і прытулкам у дзень уціску майго.

18 Сіла мая, Цябе буду выслаўляць, бо Ты, Божа — умацаваны замак мой, Бог мой міласэрны!

Сачыце за намі:



Аб'явы