Пс 551 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда. 2 Прыхілі вуха, Божа, да малітвы маёй і не хавайся ад маленьня майго! 3 Зваж на мяне і адкажы мне; я стогну ў тузе маёй і енчу 4 ад голасу ворага, ад уціску бязбожніка, бо злачынства закідаюць мне і ў гневе змагаюцца са мною. 5 Сэрца маё трапеча ў-ва мне, і жахі сьмерці напалі на мяне; 6 страх і дрыжаньне прыйшлі на мяне, і трывога ахапіла мяне. 7 І я сказаў: «Хто дасьць мне крылы, як у голуба! Я паляцеў бы і супачыў! 8 Вось, уцёк бы далёка і жыў бы ў пустыні». (Сэлях) 9 Я б сьпяшаўся, каб схавацца перад ветра віхурай, перад бурай! 10 Вынішчы іх, Госпадзе, падзялі мову ім, бо я бачыў крыўды і спрэчкі ў горадзе. 11 Дзень і ноч яны ходзяць па мурах ягоных наўкола, злачынства і ліхоцьце ў сярэдзіне яго. 12 Загуба ў сярэдзіне яго, і не зыходзяць з плошчаў ягоных ашуканства і здрада. 13 Бо ня вораг мяне зьневажае, я дараваў бы [гэта], ня той, што мяне ненавідзіць, узьвялічваецца супраць мяне, ад яго б я схаваўся, 14 але ты, чалавек, як я, сябра мой і знаёмы мой, 15 з якім мы разам вялі шчырыя гутаркі, з якім у Дом Божы хадзілі ў грамадзе. 16 Няхай, зьнішчаючы, зьнішчыць іх сьмерць! Няхай зыйдуць жывыя ў пекла, бо ліхота [жыве] ў вандраваньні іхнім, у нутры іхнім. 17 А Я буду клікаць да Бога, і ГОСПАД збавіць мяне. 18 Увечары, і раніцаю, і ў белы дзень я буду енчыць і галасіць, і Ён пачуе голас мой. 19 Ён выбавіць душу маю, каб даць супакой ад [тых, што] варагуюць супраць мяне, бо шмат было тых, якія супраць мяне. 20 Пачуе Бог, і ўпакорыць іх Той, Які жыве спрадвеку. (Сэлях) Бо няма ў іх паправы, і яны не баяцца Бога, 21 руку сваю выцягваюць на тых, што з імі ў супакоі жылі, і парушаюць запавет свой; 22 гладкія, як тое масла, вусны ягоныя, а ў сэрцы — варожасьць; словы ягоныя лагаднейшыя за алей, але яны — мячы аголеныя. 23 Ускладзі бярэмя тваё на ГОСПАДА, і Ён паклапоціцца пра цябе; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся праведнік. 24 І Ты, Божа, іх кінеш у ямы парахненьня; людзі крыважэрныя і падступныя не [дажывуць] паловы дзён сваіх. А я на Цябе спадзяюся! |