ПСАЛТЫР 54 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 54 1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда, 2 калі прыйшлі Зіфеі і сказалі Саўлу: «Ці ж гэта не Давід схаваўся ў нас?» 3 Божа, імем Тваім збаў мяне, і магутнасьцю Тваёю вядзі справу маю! 4 Божа, пачуй малітву маю, прыхілі вуха да словаў вуснаў маіх! 5 Бо чужынцы паўсталі супраць мяне, і моцныя шукаюць душы маёй; яны ня маюць Бога перад сабою. (Сэлях) 6 Вось, Бог — дапамога мая; Госпад падтрымлівае душу маю. 7 Зьвяртаючыся, зьвернецца ліха на ворагаў маіх. У праўдзе Тваёй Ты вынішчы іх! 8 Тады ахвотна буду складаць ахвяры Табе; буду славіць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ, бо Ты — добры! 9 Бо Ты вызваліў мяне ад усіх трывогаў, і на [загубу] ворагаў маіх глядзелі вочы мае. |