Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 33 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ПСАЛТЫР 33

Пс 33

1 Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі; правым пасуе хвала.

2 Слаўце ГОСПАДА на гусьлях, выслаўляйце Яго на псалтыры дзесяціструнным!

3 Сьпявайце Яму новы сьпеў; спраўна грайце [Яму] пад трубныя гукі.

4 Бо слушнае слова ГОСПАДА, і ўсе творы Ягоныя верныя.

5 Ён любіць праведнасьць і суд; міласэрнасьцю ГОСПАДА напоўнена зямля.

6 Словам ГОСПАДА зроблены нябёсы, а подыхам вуснаў Ягоных — усе войскі іхнія.

7 Ён сабраў як капу воды марскія, Ён склаў іх у скарбніцу бяздоньняў.

8 Няхай баіцца ГОСПАДА ўся зямля, няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары сусьвету.

9 Бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і паўстала.

10 ГОСПАД разьбіў намеры паганаў, запярэчыў думкам народаў.

11 Намер ГОСПАДА будзе трываць на вякі, думкі сэрца Ягонага — з пакаленьня ў пакаленьне.

12 Шчасьлівы народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог, народ, які Ён выбраў на спадчыну для Сябе.

13 З неба ГОСПАД глядзіць, Ён бачыць усіх сыноў чалавечых;

14 з месца, дзе Ён жыве, Ён паглядае на ўсіх жыхароў зямлі.

15 Ён уфармаваў сэрца кожнага з іх, Ён зважае на ўсе ўчынкі іхнія.

16 Ня будзе збаўлены валадар войскам вялікім, волат ня вызваліцца праз вялікую сілу сваю;

17 ненадзейны конь для выратаваньня, і вялікая сіла ягоная ня дасьць выбаўленьня.

18 Вось, вока ГОСПАДА над тымі, якія баяцца Яго, якія спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную,

19 што Ён вызваліць ад сьмерці душы іхнія, і захавае жыцьцё ў [час] голаду.

20 Душа нашая чакае на ГОСПАДА; Ён — дапамога наша і шчыт наш.

21 Бо ў Ім радуецца сэрца нашае; бо мы на імя Яго сьвятое спадзяемся.

22 Няхай будзе міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, над намі, як мы на Цябе спадзяемся!