Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 34 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 34

1 [Псальм] Давіда, калі ён перад Абімэлехам удаваў вар’ята і быў выгнаны ім, і пайшоў сабе.

2 Буду дабраслаўляць ГОСПАДА ў-ва ўсякі час; хвала Яго будзе заўсёды на вуснах маіх.

3 У ГОСПАДЗЕ будзе хваліцца душа мая; пачуюць [пра гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца.

4 Узьвялічвайце ГОСПАДА са мною, і разам будзем вывышаць імя Ягонае!

5 Я шукаў ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, і ад усяго, чаго я баяўся, выратаваў мяне.

6 Глядзіце на Яго і зыходзьцеся [да Яго], і абліччы вашыя ня будуць у ганьбе.

7 Убогі клікаў, і ГОСПАД пачуў [яго], і збавіў яго ад усіх трывогаў ягоных.

8 Анёл ГОСПАДА ставіць табар вакол тых, якія баяцца Яго, і ратуе іх.

9 Паспытайце і ўбачце, які добры ГОСПАД! Шчасьлівы той чалавек, які ў Ім мае надзею.

10 Бойцеся ГОСПАДА, вы, сьвятыя Ягоныя! Бо ня маюць нястачы тыя, якія баяцца Яго.

11 Львяняты бядуюць і галадуюць, але тыя, што шукаюць ГОСПАДА, не адчуюць нястачы ўсякага даброцьця.

12 Хадзіце сюды, сыны, паслухайце мяне, я навучу вас страху перад ГОСПАДАМ.

13 Хто ёсьць чалавек, якому даспадобы жыцьцё, які любіць [доўгія] дні, каб убачыць добрае?

14 Захоўвай язык свой ад ліхога, а вусны свае — ад слова крывадушнага.

15 Ухіляйся ад ліхога і рабі добрае; шукай супакою і імкніся да яго.

16 Вочы ГОСПАДА — на праведных, і вушы Ягоныя — на лямант іхні.

17 Аблічча ГОСПАДА — суп­раць тых, якія робяць ліхое, каб вынішчыць з зямлі памяць пра іх.

18 [Праведныя] крычаць, і ГОСПАД чуе іх, і ад усіх бедаў іхніх ратуе іх.

19 ГОСПАД блізкі да тых, у каго сэрца скрышанае, і збаўляе тых, у каго дух разьбіты.

20 Шмат ліхога [здараецца] ў праведнага, але з усяго гэтага ратуе яго ГОСПАД.

21 Ён захоўвае ўсе косткі ягоныя, каб ніводную не паламалі.

22 Ліхоцьце прывядзе да сьмерці бязбожніка, і будуць абвінавачаныя тыя, якія ненавідзяць Праведнага.

23 ГОСПАД выбаўляе душы слугаў Сваіх, і ўсе, якія маюць надзею ў Ім, ня будуць абвінавачаныя.

Сачыце за намі:



Аб'явы