Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 144 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ПСАЛТЫР 144

Пс 144

1 Давіда. Дабраслаўлёны ГОСПАД, скала мая, Які навучае рукі мае барацьбе, і пальцы мае — змаганьню.

2 Міласэрнасьць для мяне і замчышча маё, умацаваны замак мой і Збаўца для мяне, шчыт мой, Той, у Якім маю надзею, Ён народ мой падпарадкоўвае мне!

3 ГОСПАДЗЕ, што ёсьць чалавек, што Ты ведаеш яго, і сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго?

4 Чалавек падобны да марнасьці; дні ягоныя — быццам цень, што мінае.

5 ГОСПАДЗЕ, нахілі неба Тваё і зыйдзі, дакраніся да гор, і яны запалаюць!

6 Блісьні маланкай і расьцяруш іх, пусьці стрэлы Твае і прагані іх!

7 Выцягні з вышыні руку Тваю, вызвалі мяне і выратуй мяне з водаў вялікіх, з рукі сыноў чужынскіх,

8 вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.

9 Божа, я новы сьпеў буду сьпяваць для Цябе, на псалтыры дзесяціструнным буду граць Табе,

10 бо Ты даеш выратаваньне валадару, і выбаўляеш Давіда, слугу Твайго, ад мяча злыдня!

11 Выбаў мяне і выратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні.

12 Няхай будуць сыны нашыя, быццам саджанцы, якія разрастаюцца ў маладосьці сваёй; дочкі нашыя — быццам слупы вуглавыя, якія высечаны паводле ўзору сьвятыні.

13 Сьпіжарні нашыя няхай будуць поўныя, каб задаволіць любыя патрэбы, усялякія патрэбы; няхай у тысячу разоў памножацца авечкі нашыя на вуліцах нашых.

14 Валы нашыя няхай будуць тлустыя, няхай ня будзе ані вылому, ані страты, ані ляманту на плошчах нашых!

15 Шчасьлівы той народ, у якога гэтак дзеецца! Шчасьлівы той народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог ягоны!