ПСАЛТЫР 145 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Пс 145 1 Хвала Давіда. Буду вывышаць Цябе, Божа мой і Валадару, і дабраслаўляць імя Тваё на вякі і вечна! 2 Штодня буду дабраслаўляць Цябе і буду хваліць імя Тваё на вякі і вечна. 3 Вялікі ГОСПАД і годны хвалы, і веліч Ягоная недасьледная. 4 Пакаленьне пакаленьню будзе хваліць творы Твае і пра магутнасьць Тваю будзе апавядаць. 5 Пра слаўную годнасьць велічнасьці Тваёй і пра цудоўныя дзеі Твае буду разважаць. 6 Пра магутнасьць [дзеяньняў] страшных Тваіх няхай гавораць яны; а я пра веліч Тваю буду абвяшчаць. 7 Успаміны пра вялікую добрасьць Тваю яны будуць пераказваць і весяліцца дзеля праведнасьці Тваёй. 8 Літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, павольны да гневу і вельмі міласэрны. 9 Добры ГОСПАД да ўсіх, і літасьць Ягоная — па-над усе справы Ягоныя. 10 Няхай славяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе творы Твае, і багабойныя Твае няхай дабраслаўляюць Цябе! 11 Пра славу Валадарства Твайго няхай гавораць яны і пра магутнасьць Тваю расказваюць, 12 каб даведаліся сыны чалавечыя пра магутнасьць Ягоную і пра славу велічнасьці Валадарства Ягонага. 13 Валадарства Тваё — валадарства на ўсе вякі, і панаваньне Тваё — у-ва ўсіх пакаленьнях. 14 Падтрымлівае ГОСПАД усіх, хто падае, і падымае ўсіх прыгнечаных. 15 Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім спажыву даеш у свой час. 16 Ты расчыняеш руку Тваю і насычаеш усё, што жыве, паводле ўпадабаньня. 17 Праведны ГОСПАД на ўсіх шляхах Сваіх і сьвяты ў-ва ўсіх справах Сваіх. 18 ГОСПАД блізкі да ўсіх, што клічуць Яго, да ўсіх, што клічуць Яго ў праўдзе. 19 Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе лямант іхні і выбаўляе іх. 20 ГОСПАД захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён зьнішчыць. 21 Хвалу ГОСПАДУ будуць казаць вусны мае, і ўсякае цела няхай дабраслаўляе сьвятое імя Ягонае на вякі і вечна. |