Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 115 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ПСАЛТЫР 115

Пс 115

1 Ня нам, ГОСПАДЗЕ, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу дзеля міласэрнасьці Тваёй, дзеля праўды Тваёй!

2 Навошта казаць паганам: «Дзе ж Бог іхні?»

3 А Бог наш у небе; усё, што Яму даспадобы, Ён робіць.

4 Ідалы іхнія — срэбра і золата, творы рук чалавечых.

5 Маюць вусны, і не гавораць; маюць вочы, і ня бачаць;

6 маюць вушы, і ня чуюць, маюць ноздры, і нюху няма;

7 рукі ў іх, і ня мацаюць; ногі ў іх, і ня ходзяць; і не выказваюцца горлам сваім.

8 Няхай стануцца падобнымі да іх тыя, што іх робяць, усе, што на іх спадзяюцца.

9 Ізраілю, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!

10 Доме Аарона, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!

11 Вы, што ГОСПАДА баіцёся, спадзявайцеся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх!

12 ГОСПАД памятае пра нас. Ён будзе дабраслаўляць, Ён будзе дабраслаўляць дом Ізраіля, Ён будзе дабраслаўляць дом Аарона,

13 Ён будзе дабраслаўляць тых, што баяцца ГОСПАДА, разам малых і вялікіх.

14 Няхай памножыць вас ГОСПАД, вас і сыноў вашых.

15 Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, Які стварыў неба і зямлю.

16 Неба — неба ГОСПАДА, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.

17 Ня мёртвыя хваляць ГОСПАДА, ня ўсе тыя, што зыходзяць у [месца] маўчаньня,

18 але мы будзем дабраслаўляць ГОСПАДА ад цяпер і на вякі. Альлелюя!