Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЛЯВІТ 22 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ЛЯВІТ 22

Ляв 22

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Прамоў да Аарона і да сыноў ягоных, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраіля і не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я — ГОСПАД.

3 Скажы ім, каб ведалі пакаленьні вашыя: “Калі нехта з нашчадкаў вашых наблізіцца да рэчаў сьвятых, якія сыны Ізраіля пасьвячаюць ГОСПАДУ, а нячыстасьць ягоная на ім, такая душа будзе вынішчана спрад аблічча Майго. Я — ГОСПАД.

4 Ніводзін з насеньня Аарона, які пракажоны або мае выцёкі, ня будзе есьці сьвятых [дароў], пакуль не ачысьціцца. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,

5 або хто дакранецца паўзуна, якім занячысьціцца, або чалавека, які зрабіў бы яго нячыстым нячыстасьцю сваёю,

6 душа, якая дакранецца гэтага, будзе нячыстай аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых [дароў], пакуль не абмые цела сваё ў вадзе.

7 Пасьля заходу сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя [дары], бо яны ёсьць ежай ягонаю.

8 Ня будзе ён есьці падліны ані разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта станецца нячысты. Я — ГОСПАД.

9 Няхай захоўваюць загады Мае, каб ня мелі грэху і каб не памерлі з прычыны таго, што зьняважаць іх. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх.

10 Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых [дароў]; ані той, што жыве ў сьвятара, ані найміт ня будзе есьці сьвятых рэчаў.

11 Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме ягоным могуць есьці хлеб ягоны.

12 Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.

13 Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як у маладосьці сваёй, будзе жывіцца хлебам бацькі свайго. Але ні­хто чужы ня будзе есьці яго.

14 Калі ж нехта несьвядома зьесьць сьвятое, дадасьць пятую частку яго [вартасьці] і аддасьць сьвятое сьвятару.

15 [Сьвятары] ня будуць паганіць сьвятых дароў, якія сыны Ізраіля складаюць у ахвяру ГОСПАДУ,

16 і ня будуць сьцягваць на іх віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я — ГОСПАД, Які асьвячаю іх”».

17 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

18 «Прамоў да Аарона, і да сыноў ягоных, і да ўсіх сыноў Ізраіля, і скажы ім: “Калі хто з дому Ізраіля або спаміж прыхадняў, якія ў Ізраілі, паводле шлюбаваньня або як дар дабраахвотны свой складае ахвяру сваю, якую прыносіць ГОСПАДУ на цэласпаленьне,

19 каб яна была прынятаю, мусяць прынесьці самца без заганы мужчынскага роду з валоў, бараноў ці козаў.

20 Ніякай жывёлы, якая мае загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна прынятая.

21 Калі хто захоча скласьці ГОСПАДУ ахвяру мірную, каб споўніць шлюбаваньне або як дар дабраахвотны, ці гэта з валоў, ці з авечак, няхай будзе яна без заганы, каб была прынятай.

22 Ня будзеце складаць ГОС­ПАДУ ў ахвяру жывёлаў сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлаў складаць на ахвярніку ў ахвяру агнявую для ГОСПАДА.

23 Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабраахвотную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.

24 Жывёлу, у якой яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру ГОСПАДУ. І ня будзеце такога рабіць у зямлі вашай,

25 ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлаў як хлеб Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і ня будуць яны прынятыя”».

26 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

27 «Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прынятае як ахвяра агнявая для ГОСПАДА.

28 Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым.

29 Калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прынятай;

30 у той самы дзень зьешце яе; няхай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — ГОСПАД.

31 Захоўвайце прыказаньні Мае і выконвайце іх. Я — ГОСПАД.

32 Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД, Які асьвячае вас

33 і Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД».