Яр 221 «Гэта кажа ГОСПАД. Зыйдзі ў дом валадара Юды і прамоў там слова гэтае. 2 І скажаш: “Слухай слова ГОСПАДА, ты, валадар Юды, які сядзіш на пасадзе Давіда, ты, і слугі твае, і народ твой, які ўваходзіць у брамы гэтыя. 3 Гэта кажа ГОСПАД. Чыніце суд і праведнасьць, вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля, і чужынца, сірату і ўдаву не прыгнятайце. Не рабіце гвалту і крыві нявіннай не пралівайце ў месцы гэтым. 4 Бо калі вы, выконваючы, выканаеце слова гэтае, будуць уваходзіць у брамы дому гэтага валадары, якія сядзяць на пасадзе Давіда і ўяжджаюць на калясьніцах і конях, яны, слугі іхнія і народ іхні. 5 А калі ня будзеце слухаць словаў гэтых, прысягаю на Сябе Самога, кажа ГОСПАД, дом гэты станецца руінай. 6 Бо гэта кажа ГОСПАД пра дом валадара Юды: "Ты для Мяне як Гілеад, вяршыня Лібану. Але Я зраблю з цябе пустыню, горад бязьлюдны. 7 Я падрыхтую супраць цябе нішчыцеляў, кожнага са зброяй ягонай, і яны зрэжуць найлепшыя кедры твае і кінуць у агонь". 8 І будуць праходзіць шмат народаў праз горад гэты, і скажа кожны бліжняму свайму: "Чаму зрабіў так ГОСПАД гораду гэтаму вялікаму?" 9 І адкажуць: "За тое, што яны пакінулі запавет ГОСПАДА, Бога свайго, і пакланяліся іншым багам, і служылі ім". 10 Ня плачце дзеля памёршага і не галасіце дзеля яго. Плачце, плачучы, дзеля таго, хто адыходзіць, бо ён ня вернецца ўжо і ня ўбачыць родную зямлю сваю. 11 Бо гэта кажа ГОСПАД пра Шальлюма, сына Ёсіі, валадара Юды, які заваладарыў пасьля Ёсіі, бацькі свайго і які выйшаў з месца гэтага: "Ён ня вернецца больш сюды. 12 Бо ў месцы, у якое завялі яго, там ён памрэ, і зямлі гэтай больш ня ўбачыць"”. 13 Гора таму, хто будуе дом свой на няправеднасьці, і сьвятліцы свае — на судзе несправядлівым, бліжняму свайму кажа працаваць задарма, і заробку ягонага не аддае яму. 14 Ён кажа: “Пабудую сабе дом прасторны і сьвятліцы шырокія”, і высякае вокны сабе, і ашалёўвае [дрэвам] кедровым, і малюе [фарбай] чырвонай. 15 Ці ты будзеш валадарыць, таму што жывеш у [доме] кедровым? Ці ж бацька твой ня еў і ня піў? Але ён чыніў суд і праведнасьць, і добра было яму. 16 Ён разьбіраў справу ўбогага і беднага, і добра было яму тады. Ці ж ня гэта [значыць] ведаць Мяне? — кажа ГОСПАД. 17 А вочы твае і сэрца тваё [прагнуць] толькі карысьці тваёй, каб праліваць кроў нявінную, каб чыніць крыўды і гвалты. 18 Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды: “Ня будуць галасіць па ім: “Аёй, браце мой! Аёй, сястра мая!” Ня будуць галасіць па ім: “Аёй, пане! Аёй, яснавяльможны!” 19 Будзе ён пахаваны, як хаваюць асла. Выцягнуць яго і кінуць па-за брамамі Ерусаліму”. 20 Узыйдзі на Лібан і крычы, і на Башане ўзьнімі голас твой, і гукай з Абарыму, бо зьнішчаны ўсе, якія любілі цябе. 21 Я прамаўляў да цябе ў [час] бясьпекі тваёй, а ты адказаў: “Ня буду слухаць!” Гэта шлях твой ад юнацтва твайго, што ты ня слухаўся голасу Майго. 22 Усіх пастыраў тваіх будзе пасьвіць вецер, а тыя, што любілі цябе, пойдуць у няволю. Вось тады ты засаромішся і пачырванееш з прычыны ўсёй ліхоты тваёй. 23 Ты, што жывеш на Лібане і маеш гняздо на кедрах, як ты будзеш стагнаць, калі прыйдуць на цябе болі, як болі той, якая нараджае. 24 Як жывы Я, кажа ГОСПАД, калі б Ехонія, сын Егаякіма, валадар Юды, быў пярсьцёнкам на правай руцэ Маёй, нават адтуль Я сарву яго! 25 Я аддам цябе ў рукі тых, якія шукаюць душы тваёй, і ў рукі тых, абліччаў якіх ты баішся, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі Халдэйцаў. 26 І Я выкіну цябе і маці тваю, якая нарадзіла цябе, у зямлю чужую, у якой вы не нарадзіліся, і там вы памрацё, 27 і ў зямлю, у якую прагнеце душою сваёй, каб вярнуцца, ня вернецеся. 28 Ці ж чалавек той, Ехонія, — [гэта] пасудзіна пагарджаная і пабітая? Ці ж ён — рэч, у якой ня маюць упадабаньня? Чаму адкінуты ён і насеньне ягонае, і выкінутыя ў зямлю, якой яны ня ведаюць? 29 Зямля, зямля, зямля! Слухай слова ГОСПАДА! 30 Гэта кажа ГОСПАД: “Запішыце чалавека гэтага як мужчыну, пазбаўленага патомства, якому няма шчасьця ў днях ягоных, бо ня будзе мець шчасьця ніхто з насеньня ягонага, каб сядзець на пасадзе Давіда і панаваць у Юдзе”». |