Вых 351 I сабраў Майсей усю грамаду сыноў Ізраіля, і сказаў: «Вось словы, якія загадаў ГОСПАД, каб выконваць іх. 2 Шэсьць дзён будзеш рабіць работу, а ў сёмы дзень будзе ў вас сьвята, супачынак супачынку для ГОСПАДА; кожны, хто будзе рабіць у ім работу, памрэ. 3 Не паліце агню ў-ва ўсіх сядзібах вашых у дзень супачынку». 4 I сказаў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраіля: «Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД, кажучы: 5 “Зьбярыце ад сябе дар ГОСПАДУ. Кожны шляхетнага сэрца няхай прынясе дар ГОСПАДУ: золата, срэбра і медзь, 6 і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіную [поўсьць], 7 і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, і дрэва акацыі, 8 і алей для асьвятленьня, і пахошчы для алею памазаньня і для пахкага каджэньня, 9 і камяні оніксу, і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку. 10 I ўсе з вас, хто мудры сэрцам, няхай прыйдуць і зробяць усё, што загадаў ГОСПАД: 11 Сялібу і намёт для яе, і пакрыцьцё для яе, гачыкі для яе і дошкі для яе, насілы яе, слупы яе і падстаўкі яе, 12 Каўчэг [Сьведчаньня] і насілы для яго, накрыўку і заслону, якая вісіць, 13 стол і насілы для яго, і ўсё начыньне ягонае, і хлябы пакладныя, 14 і сьвечнік для асьвятленьня з начыньнямі ягонымі, і лямпы для яго, і алей для асьвятленьня, 15 і ахвярнік каджэньня, і насілы для яго, і алей памазаньня і пахкае кадзіла, і заслону на ўваходзе ў Сялібу, 16 ахвярнік цэласпаленьня і крату мядзяную для яго, і насілы для яго, і ўсё начыньне ягонае, мыцельнік і падставу ягоную, 17 заслоны панадворку, слупы ягоныя і падстаўкі іхнія, і заслону на ўваходзе ў панадворак, 18 калкі Сялібы і калкі панадворку, і вяроўкі да іх, 19 адзеньні службовыя для служэньня ў сьвятыні, і адзеньні сьвятыя для Аарона сьвятара, і адзеньні для сыноў ягоных для служэньня сьвятарскага”». 20 I адыйшла ўся грамада сыноў Ізраіля ад аблічча Майсея. 21 I прыходзіў кожны чалавек, якога прынукала да гэтага сэрца ягонае, і кожны, якога заахвочваў дух ягоны, і прыносілі дар ГОСПАДУ на вырабленьне Намёту Спатканьня, і на ўсё служэньне ў ім, і на адзеньні сьвятыя. 22 I прыходзілі мужчыны і жанчыны, усе ахвотнага сэрца, і прыносілі кольцы і завушніцы, і пярсьцёнкі, і бранзалеты, і ўсялякія рэчы залатыя, і кожны, патрэсваючы, [складаў] золата для ГОСПАДА [як ахвяру] патрэсваньня. 23 I кожны, у каго быў блакіт і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіная поўсьць, і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, прыносіў іх. 24 I кожны, хто ахвяроўваў дар срэбра і медзі, прыносіў гэты дар для ГОСПАДА. І кожны, у каго знайшлося дрэва акацыі, прыносіў [яго] на ўсялякую патрэбу служэньня. 25 I ўсе жанчыны, мудрыя сэрцам, пралі рукамі сваімі і прыносілі пражу блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і вісону. 26 I ўсе жанчыны, якіх прынукала сэрца іхняе, пралі ў мудрасьці казіную [поўсьць]. 27 А начальнікі прыносілі камяні оніксу і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку, 28 і пахошчы, і алей для асьвятленьня, і алей памазаньня, і пахкае кадзіла. 29 Кожны мужчына і жанчына з сыноў Ізраіля, якіх заахвочвала сэрца іхняе прынесьці на ўсялякую работу, якую ГОСПАД загадаў зрабіць рукою Майсея, прыносілі дабраахвотна для ГОСПАДА. 30 I сказаў Майсей сынам Ізраіля: «Глядзіце, ГОСПАД паклікаў па іменьні Бэцалеэля, сына Урыя, сына Хура, з калена Юды, 31 і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, разумнасьцю, веданьнем і [ўменьнем] да ўсялякай працы, 32 і мастацкімі здольнасьцямі рабіць з золата, срэбра і медзі, 33 і абрабляць камяні для асаджэньня іх, і абрабляць дрэва, і рабіць [з ім] усялякую мастацкую работу. 34 I здольнасьць вучыць даў у сэрца яго і Агаліява, сына Ахісамаха, з калена Дана. 35 І Ён напоўніў іх мудрасьцю сэрца, каб яны рабілі ўсякую працу разьбяра, і мастака, і вышывальніка на блакіце, пурпуры, барвовым кармазыне і вісоне, і ткача, які робіць усякую працу і мастацкі аздабляе [тканіну]. |