ВЫХАД 36 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Вых 36 1 I зробіць Бэцалеэль, і Агаліяў, і кожны мудры сэрцам, якому даў ГОСПАД мудрасьць і разумнасьць у нутры іхнім, каб маглі зрабіць усю працу для служэньня ў сьвятыні, усё, як загадаў ГОСПАД». 2 I паклікаў Майсей Бэцалеэля, і Агаліява, і кожнага мудрага сэрцам, якому ГОСПАД даў мудрасьць у сэрца ягонае, усіх, каго прынукала сэрца ягонае ўзяцца за працу і зрабіць яе. 3 I ўзялі яны ад аблічча Майсея ўсе дары, якія прынесьлі сыны Ізраіля на працы для служэньня ў сьвятыні, каб зрабіць яе. І яны прыносілі да яго яшчэ дабраахвотна кожную раніцу. 4 I прыйшлі ўсе мудрыя, якія рабілі ўсялякія працы ў сьвятыні, кожны ад працы сваёй, якою яны займаліся, 5 і сказалі Майсею, кажучы: «Народ вельмі шмат прыносіць, больш, чым патрэбна для працы, якую загадаў ГОСПАД зрабіць». 6 I загадаў Майсей, і абвешчана было ўголас у табары, кажучы: «Ані мужчына, ані жанчына няхай ня робяць ужо нічога як дар для сьвятыні». І перастаў народ прыносіць [дары]. 7 I прынесенага на работу было даволі на ўсялякую працу, якую належала зрабіць, і яшчэ заставалася. 8 I зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў Сялібе, дзесяць палотнаў з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і херувімаў майстэрскай работай зрабілі на іх. 9 Даўжыня аднаго палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня аднаго палатна — чатыры локці. Адна мера для ўсіх палотнаў. 10 I злучыў [Бэцалеэль] пяць палотнаў адно з адным, і пяць [іншых] палотнаў злучыў адно з адным. 11 I зрабіў пяцелькі з блакіту на краі аднаго палатна для спінаньня; гэтак зрабіў ён на краі апошняга палатна, для спінаньня з іншага боку. 12 Пяцьдзясят пяцелек зрабіў ён на адным палатне, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на канцы палатна для спінаньня з другім; пяцелькі гэтыя — насупраць адна адной. 13 I зрабіў пяцьдзясят гачыкаў залатых, і злучыў гачыкамі палотны адно з адным, і сталася Сяліба адным [цэлым]. 14 I зрабіў палотны з казінае [поўсьці] для намёту Сялібы; адзінаццаць палотнаў зрабіў іх. 15 Даўжыня аднаго палатна — трыццаць локцяў, і чатыры локці — шырыня аднаго палатна; мера адна для адзінаццаці палотнаў. 16 I злучыў ён пяць палотнаў асобна, і шэсьць палотнаў асобна. 17 I зрабіў пяцьдзясят пяцелек на краі палатна на канцы для спінаньня, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на краі палатна для спінаньня з іншага боку. 18 I зрабіў пяцьдзясят гачыкаў мядзяных для злучэньня намёту, каб быў адным [цэлым]. 19 I зрабіў пакрыцьцё на намёт са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё на верх са скураў тахаш. 20 I зрабіў дошкі для Сялібы, якія будуць стаяць [проста], з дрэва акацыі. 21 Дзесяць локцяў — даўжыня дошкі, і паўтары локці — шырыня адной дошкі. 22 Па два шыпы ў кожнай дошцы, асаджаныя адзін насупраць другога; гэтак зрабіў ён у-ва ўсіх дошках Сялібы. 23 I зрабіў дошкі для Сялібы — дваццаць дошак для паўднёвага боку, [што глядзіць] на поўдзень. 24 I сорак срэбных падставак зрабіў пад дваццаць дошак: дзьве падстаўкі пад адну дошку да двух шыпоў ейных, і дзьве падстаўкі пад другую дошку да двух шыпоў ейных. 25 I да другога боку сялібы, [што глядзіць] на поўнач, зрабіў дваццаць дошак, 26 і сорак падставак для іх срэбных: дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку. 27 I да задняга боку Сялібы, [што глядзіць] на захад, зрабіў шэсьць дошак. 28 I дзьве дошкі зрабіў для вуглоў Сялібы пры [заходнім] боку. 29 I яны былі злучаныя ўнізе, і разам злучаныя ўгары адным колцам. Гэтак зрабіў ён з імі абедзьвума на абодвух вуглах. 30 I [так] было восем дошак, і падставак іхніх срэбных шаснаццаць, дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку. 31 I зрабіў ён жэрдкі з дрэва акацыі, пяць [жэрдак] да дошак аднаго боку сялібы, 32 і пяць жэрдак да дошак другога боку сялібы, і пяць жэрдак да дошак задняга боку сялібы. 33 I зрабіў сярэднюю жэрдку, што праходзіла пасярэдзіне дошак ад аднаго канца да другога. 34 I дошкі пакрыў золатам; і колцы на іх для ўкладаньня жэрдак зрабіў з золата, і жэрдкі пакрыў золатам. 35 I зрабіў заслону з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону; і мастацкай работай зрабіў на ёй херувімаў. 36 I зрабіў да яе чатыры слупы з акацыі, і пакрыў іх золатам, і кручкі на іх — залатыя, і выліў да іх чатыры падстаўкі срэбныя. 37 I зрабіў заслону на ўваходзе намёту з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, гафтаванае работы, 38 і слупоў для яе пяць з кручкамі да іх, і пакрыў вярхі іхнія і клямкі іхнія золатам, і [выліў] да іх пяць падставак мядзяных. |