Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ІСАІ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ІСАІ 8

Іс 8

1 І сказаў ГОСПАД да мяне: «Вазьмі сабе табліцу вялікую і напішы на ёй літарамі чалавечымі: “Магер-Шалал-Хаш-Баз”».

2 І ўзяў я для сябе сьведкаў верных — Урыю сьвятара і Захарыю, сына Евэрэхіі.

3 І я наблізіўся да прарочыцы, і яна зачала, і нарадзіла сына. І сказаў ГОСПАД мне: «Назаві імя ягонае Магер-Шалал-Хаш-Баз,

4 бо перш, чым хлопец навучыцца клікаць “тата мой” і “мама мая”, занясуць багацьці Дамаску і здабычу Самарыі перад аблічча валадара Асірыйскага».

5 І працягнуў ГОСПАД прамаўляць да мяне яшчэ, кажучы:

6 «За тое, што народ гэты адкідае воды Шыляаху, якія цякуць паволі, а захапляецца Рэцынам і сынам Рэмаліі,

7 таму вось, Госпад узьніме на іх воды ракі, магутныя і шматлікія — валадара Асірыйскага і ўсю славу ягоную, і ўзьнімецца [рака] па-над усе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх;

8 і разальецца ў Юдзе, і затопіць [яго], і падымецца высока аж да шыі, і крылы ейныя будуць раскінутыя на ўсю шырыню зямлі тваёй, Іммануэль!»

9 «Рабіце ліхоту, народы, і будзеце напалоханыя, і прыхіліце вуха, усе землі далёкія! Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя. Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя!

10 Радзьце раду, [што рабіць], і яна ня зьдзейсьніцца. Прамаўляйце слова, і ня станецца [паводле яго], бо з намі Бог».

11 Бо гэта сказаў мне ГОСПАД, калі схапіў [мяне] рукою і перасьцярог мяне, каб я не хадзіў шляхам народу гэтага, кажучы:

12 «Не называйце змовай тое, што народ гэты заве змовай, і таго, чаго ён баіцца, ня бойцеся і не палохайцеся.

13 ГОСПАДА Магуцьцяў, Яго сьвяціце, Ён — страх ваш, і Ён [няхай] палохае вас.

14 І Ён будзе сьвятыняй, камянём спатыкненьня і скалой спакусы для абодвух дамоў Ізраіля, пасткай і сілом для жыхароў Ерусаліму.

15 І спатыкнуцца аб іх шматлікія, і ўпадуць, і разаб’юцца, патрапяць у сіло і будуць злоўленыя».

16 Завяжы сьведчаньне, запячатай Закон [унутры] вучняў Маіх.

17 І я буду чакаць ГОСПАДА, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, і буду спадзявацца на Яго.

18 Вось я і дзеці, якіх даў мне ГОСПАД. Мы — на знак і на перасьцярогу ў Ізраілі ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Які жыве на гары Сыён.

19 І калі скажуць вам: «Спытайцеся ў тых, якія выклікаюць духаў памерлых і ў варажбітоў, якія цьвіркочуць і мармычуць», [адкажыце]: «Ці ж народ ня мусіць зьвяртацца да Бога свайго? Ці ж у памёршых [пытацца] пра жывых?»

20 [Зьвяртайцеся] да Закону і да сьведчаньня! Калі яны ня будуць казаць паводле слова гэтага, няма для іх [сьвятла] зараніцы.

21 І будзе ён бадзяцца па [зямлі] ўцісканы і галодны. І станецца, калі ён згаладнее, будзе гневацца і будзе праклінаць валадара свайго і Бога свайго, і гляне ўгару,

22 і паглядзіць на зямлю, і вось, гора і цемра, і цемрадзь уціску, і змрок непраглядны. Але ня будзе цемрадзь [назаўсёды] для таго, хто ўцісканы.