ІСАІ 9 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Іс 9 1 У часы мінулыя Ён адкінуў зямлю Завулёна і зямлю Нэфталі; але ў будучыні праславіць шлях да мора, другі бок Ярдану, Галілею паганскую. 2 Народ, які ходзіць у цемры, убачыў сьвятло вялікае, над жыхарамі зямлі ценю сьмерці сьвятло зазьзяла. 3 Ты памножыў народ і павялічыў радасьць. Яны будуць радавацца перад абліччам Тваім, як радуюцца ў [час] жніва, як цешацца, дзелячы здабычу. 4 Бо ярмо цяжару ягонага, кій, [які на] плячах ягоных, дубец крыўдзіцеля ягонага Ты зламаў як у дзень Мадыяну. 5 Бо кожны бот вайсковы, які шоргае гучна, і кожны плашч, заліты крывёю, будзе на спаленьне, на спажыву агню. 6 Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам, улада на плячах Ягоных, і назавуць імя Ягонае: Цудоўны Дарадца, Бог Магутны, Бацька Вечнасьці, Князь Супакою. 7 Вялікая будзе ўлада Ягоная, і супакою ня будзе канца на пасадзе Давіда і ў валадарстве Ягоным, якое Ён паставіць моцна і ўмацуе судом і праведнасьцю ад цяпер і на вякі. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта. 8 Слова паслаў Госпад на Якуба, і ўпала яно на Ізраіля, 9 і даведаецца яго ўвесь народ; Эфраім і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і ганарлівасьцю сэрца кажуць: 10 «Цэглы пападалі, а мы пабудуем з камянёў; сьсеклі сікаморы, мы заменім [іх] кедрамі!» 11 І ГОСПАД падняў прыгнятальніка Рэцына на яго і ворагаў ягоных павярнуў [на яго], 12 Сірыю — з усходу, а Філістынцаў — з захаду, і яны жэрлі Ізраіля поўнай пашчай. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная. 13 Але народ не павярнуўся да Таго, Хто пабіў яго, і ГОСПАДА Магуцьцяў яны не шукалі. 14 І адрэзаў ГОСПАД у Ізраіля галаву і хвост, пальму і чарот у адзін дзень. 15 Стары і паважаны — гэта галава, а прарок, які вучыць хлусьні — гэта хвост. 16 І сталася, што тыя, якія вядуць народ гэты, зводзяць яго, і тыя, якіх яны вядуць, гінуць. 17 Дзеля гэтага Госпад ня будзе радавацца дзеля юнакоў ягоных, і над сіротамі ягонымі і ўдовамі ягонымі ня зьлітуецца, бо ўсе — крывадушнікі і ліхотнікі, і ўсе вусны гавораць глупства. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная. 18 Бо разгарэлася бязбожнасьць, як агонь, зьядае церні і асот, і палае ў гушчары лесу, і ўзнімаюцца слупы дыму. 19 Ад гневу ГОСПАДА Магуцьцяў загарыцца зямля, і народ станецца спажывай агню, і не пашкадуе чалавек брата свайго. 20 І будзе рэзаць з правага боку, і будзе галодны; і будзе есьці з левага боку, і не насыціцца; кожны будзе есьці цела рамяна свайго; 21 Манаса — Эфраіма, а Эфраім — Манасу, і абодва разам — Юду. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная. |