Ёў 21 І сталася, што аднаго дня прыйшлі сыны Божыя стаць перад ГОСПАДАМ; між іх прыйшоў і шатан, каб стаць перад Ім. 2 І сказаў ГОСПАД шатану: «Адкуль ты прыйшоў?» І адказаў шатан, і сказаў: «Я абыйшоў зямлю і хадзіў па ёй». 3 І сказаў ГОСПАД шатану: «Ці зьвярнуў ты ўвагу на слугу Майго, Ёва, якому няма падобнага на зямлі. Чалавек ён шчыры і справядлівы, баіцца Бога і пазьбягае зла, і захоўвае моцна нявіннасьць сваю. А ты намаўляў Мяне супраць яго, каб Я зруйнаваў яго без прычыны». 4 І адказаў шатан ГОСПАДУ, і сказаў: «Скуру за скуру, а за жыцьцё сваё аддасць чалавек усё, што мае. 5 Выцягні толькі руку Тваю і дакраніся да костак ягоных і цела ягонага, і, зьневажаючы, будзе ён зьневажаць Цябе ў твар». 6 І сказаў ГОСПАД шатану: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі жыцьцё захавай яму». 7 І выйшаў шатан ад аблічча ГОСПАДА, і наслаў на Ёва ліхую праказу ад падэшвы нагі аж па самы чуб ягоны. 8 І часаў [Ёў] сябе чарапком цэглы, седзячы ў гнаі. 9 І жонка ягоная сказала яму: «І ты дасюль трываеш у нявіннасьці сваёй? Пракляні Бога і памірай». 10 А ён сказаў ёй: «Сказала ты, як адна з неразумных жанчынаў. Калі прыймаем усякае дабро з рук Божых, чаму ня маем прыняць і зла?» І ў-ва ўсім гэтым не саграшыў Ёў вуснамі сваімі. 11 І пачулі тры сябры Ёва пра вялікае няшчасьце, якое напаткала яго, і прыйшлі, кожны з мясцовасьці сваёй: Эліфаз з Тэману, Більдад з Шуаху і Цафар з Наамы. І дамовіліся яны, каб разам прыйсьці, і наведаць яго, і пацешыць. 12 Але калі здалёк узьнялі яны вочы свае, не пазналі яго, і ўзьняўшы голас, плакалі, і разьдзёрлі яны адзеньне сваё, і пасыпалі попелам галовы свае. 13 І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем начэй, і ніхто з іх ня мог сказаць яму слова, бо бачылі, што боль ягоны вельмі вялікі. |