ЁВА 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 3 1 Пасьля гэтага Ёў расчыніў вусны свае і наракаў на дзень свой. 2 І адказаў Ёў, і сказаў: 3 «Няхай прападзе дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Зачаты хлопец”. 4 Няхай дзень той пераменіцца ў цемру; няхай ня рупіцца пра яго Бог з вышыні, і няхай ня будзе ён асьветлены сьвятлом. 5 Няхай зацемняць яго цемра і цень сьмерці, няхай схавае яго змрок, і няхай напоўніцца ён хмарамі. 6 Няхай ноч тую агарне цемра, няхай ня будзе яна ўлічана ў днях году, і няхай ня ўзгадваецца ў ліку месяцаў. 7 Няхай тая ноч будзе бясплодная, і няхай радасьць да яе не завітае. 8 Няхай праклінаюць яе тыя, што дзень праклінаюць, што гатовыя абудзіць Левіятана. 9 Няхай сьцямнеюць зоркі сьвітаньня ейнага, каб чакала сьвятла і не дачакалася, і няхай ня ўбачыць яна зараніцы новага дня, 10 бо яна не зачыніла ўлоньня, якое нарадзіла мяне, і не ўхіліла гора з вачэй маіх. 11 Чаму яшчэ ненароджаным, я не памёр? Чаму народжаны, не памёр раптам? 12 Навошта я быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі? 13 І цяпер спаў бы я моўчкі, і адпачываў бы ў-ва сьне сваім 14 з валадарамі і радцамі зямлі, якія пабудавалі сабе дамы магілы, 15 і з князямі, якія багатыя золатам і якія срэбрам вылажылі дамы свае. 16 І як спарон схаваны быў бы я, або як немаўля, што ня бачыла сьвятла. 17 Там злачынцы больш не шалеюць, а змораныя працай там адпачываюць. 18 Там усе вязьні жывуць бяз страху і ня чуюць крыку вартаўніка. 19 Там разам малы і вялікі, і слуга вольны ад пана свайго. 20 Навошта беднаму даецца сьвятло, і жыцьцё тым, што жывуць з горыччу душы, 21 якія чакаюць сьмерці і не дачакаюцца, і шукаюць яе больш, чым скарб, 22 і вельмі радуюцца і цешацца, калі знойдуць. 23 Якая радасьць чалавеку, перад якім шлях закрыты і якога Бог атачае цемраю? 24 Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і скаргі мае ільюцца як вада. 25 Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я дрыжэў, напаткала мяне. 26 Не супакойваўся я, не маўчаў і не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасьце». |