Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 КАРЫНФЯНАЎ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
1 КАРЫНФЯНАЎ 8

1 Кар 8

1 Адносна ахвяраў ідалам мы ведаем, бо маем усякае веданьне. Але веданьне робіць ганарыстым, а любоў будуе.

2 А калі хто думае, што ён нешта ведае, той яшчэ нічога не разумее, як трэба разумець.

3 А калі хто любіць Бога, той мае разуменьне ад Яго.

4 Дык адносна ежы, ахвяраванай ідалам, мы ведаем, што ідал у сьвеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Аднаго.

5 Бо хаця і ёсьць гэтак званыя богі, ці ў небе, ці на зямлі, бо ёсьць шмат багоў і шмат гаспадароў,

6 але ў нас адзін Бог Айцец, з Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго.

7 Але не ў-ва ўсіх такое веданьне; некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, [якое прызнае] ідалаў, і ядуць [ахвяраванае ідалам] як ахвяры ідалам, і слабое сумленьне іхняе апаганьваецца.

8 А ежа не набліжае нас да Бога, бо ані калі ямо, не набываем, ані калі не ямо, не губляем.

9 Але глядзіце, каб вашая ўлада ня сталася спатыкненьнем для нядужых.

10 Бо калі хто ўбачыць, што ты, які маеш веданьне, узьлягаеш у паганскай бажніцы, ці сумленьне яго, як слабога, не збудуецца, каб есьці ахвяры ідалам?

11 І праз тваё веданьне загіне нядужы брат, за якога памёр Хрыстос.

12 А гэтак грэшачы супраць братоў і б’ючы па слабым сумленьні іхнім, вы грашыцё суп­раць Хрыста.

13 Дзеля гэтага, калі ежа горшыць брата майго, ня буду есьці мяса давеку, каб ня горшыць брата майго.