І сказаў ён мне: «Залы паўночныя і залы паўднёвыя, што знаходзяцца перад месцам адгароджаным, — гэта святыя залы, дзе святары, якія маюць права набліжацца да Госпада, маюць есці найсвяцейшыя дары: там маюць яны складаць найсвяцейшыя дары, і ахвяру з ежы, і ахвяры за грэх і за злачынства, бо месца гэта — святое.
Вось што сказаў Майсей Аарону і сынам яго, Элеязэру і Ітамару, якія засталіся: «Вазьміце ахвяру хлебную, што засталася ад агнявых ахвяр Госпада, і ежце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта самая святая рэч.
Грудзіну ўздымання і лапатку даравання маеце есці на найчысцейшым месцы, ты і сыны твае, ды дочкі твае з табою; бо гэта пакінута табе і дзецям тваім з ахвяр прымірэння сыноў Ізраэля.