Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


2 ЦІМАФЕЯ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
2 ЦІМАФЕЯ 3

1 Гэта ведай, што ў апошнія дні наступяць цяжкія часы.

2 Людзі будуць самалюбівыя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, бязбожныя,

3 бессардэчныя, бязлітасныя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, тыя, хто не любіць дабра,

4 здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога,

5 што маюць выгляд набожнасці, але ж выракліся моцы яе. Такіх высцерагайся,

6 бо між імі ёсць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць неразумных жанчын, якія абцяжараны рознымі грахамі, кіруюцца рознымі пажаданнямі,

7 заўсёды вучацца, але ніколі не могуць дайсці да разумення праўды.

8 Як Янні і Ямбр супрацівіліся Майсею, так і яны супрацівяцца праўдзе, людзі тупога розуму, нявыпрабаваныя ў веры.

9 Але яны далёка не зойдуць. Бо бязглуздасць іх выявіцца ўсім так, як было і з тымі.

10 А ты пайшоў следам маёй навукі, настаўлення, намераў, веры, велікадушнасці, любові, цярплівасці,

11 пераследаванняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Гэтыя пераследаванні я перанёс; з усіх іх вызваліў мяне Госпад.

12 Ды ўсе, каторыя хочуць жыць пабожна ў Хрысце Ісусе, пераследаваны будуць.

13 Ліхія ж людзі і ашуканцы тым горш будуць гразнуць у зле, памыляючыся самі і ўводзячы ў аблуды.

14 Ты ж трывай у тым, чаму навучыўся і што даручана табе, бо ведаеш, ад каго навучыўся,

15 бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісанні Святыя, якія могуць цябе навучыць на збаўленне праз веру ў Хрыста Ісуса.

16 Усё Пісанне натхнёна Богам і карыснае для навучання, дакору, выпраўлення і ўзгадавання ў справядлівасці,

17 каб дасканалым быў чалавек Божы, настаўленым на ўсякае добрае дзеянне.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)