Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

2 ЦІМАФЕЯ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Умольваю цябе перад Богам і Госпадам Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і памерлых, праз прыход Яго і Валадарства Яго:

2 абвяшчай слова, настойвай у час ці не ў час, дакарай, забараняй, малі з усёй цярплівасцю і навукай.

3 Бо надыдзе час, калі здаровай навукі не будуць прымаць, але па волі сваіх пажадлівасцей падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам,

4 і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.

5 Ты ж пільнуйся ва ўсім, цярпі ў смутку, выконвай справу евангеліста, службу тваю спаўняй.

6 Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу настаў.

7 Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў.

8 На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды не толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Яго.

9 Паспяшайся прыйсці да мяне хутка,

10 бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты век, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс – у Галатыю, Ціт – у Далмацыю.

11 Адзін Лука са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.

12 Тыхіка паслаў я ў Эфес.

13 Як будзеш ісці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.

14 Аляксандр, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасць яму Госпад паводле дзейнасці яго.

15 Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.

16 Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не будзе ім палічана.

17 Госпад жа з’явіўся перада мною і ўмацаваў мяне, каб прапаведаванне праз мяне працягвалася і каб яго пачулі ўсе народы; і я пазбегнуў ільвінае пашчы.

18 І вызваліць мяне Госпад ад усякай ліхой справы, і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амін.

19 Прывітай Прыску і Аквілу, і разам дом Анэсіфора.

20 Эраст застаўся ў Карынце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.

21 Паспяшайся перад зімой прыйсці. Вітаюць цябе Эўбул, і Пудэнс, і Лін, і Клаўдзія, і ўсе браты.

22 Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы