1 Па смерці Эгуда сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада, 2 і аддаў іх Госпад у рукі Явіна, цара Ханаана, які цараваў у Асоры. І кіраўніком войска ён меў Сісару, сам ён жыў у Гарасэт-Гагаіме. 3 І прызывалі сыны Ізраэля Госпада, бо Явін меў дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі і дваццаць гадоў бязлітасна ўціскаў ізраэльцаў. 4 А ў гэты час судзіла Ізраэль Дэбора, прарочыца, жонка Лапідота. 5 І яна спраўляла суд пад пальмаю Дэборы, між Рамаю і Бэтэлем, на гары Эфраім; і прыходзілі да яе сыны Ізраэля на суд. 6 Яна паслала паклікаць Барака, сына Абінаама, з Кадэса Нэфталімава і сказаць яму: «Вось што загадаў табе Госпад, Бог Ізраэля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Забулона. 7 А я прывяду да цябе да ручая Кісон кіраўніка войска Явіна Сісару і яго калясніцы, і ўсё мноства яго, і аддам яго ў рукі твае”». 8 І адказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, я пайду; а калі не пажадаеш ісці са мной, я не пайду». 9 Яна сказала яму: «Хаця я пайду з табою, але на гэтай дарозе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жанчыны аддасць Госпад Сісару». Дык прыгатавалася Дэбора і разам з Баракам вырушыла ў Кадэс. 10 Барак, сабраўшы сыноў Забулона і Нэфталі ў Кадэсе, вырушыў з дзесяццю тысячамі ваяроў, маючы ў таварыстве сваім Дэбору. 11 А Хабэр кінэй, аддзяліўся ад іншых кінэяў, братоў сваіх, сыноў Хабаба, цесця Майсея, і стаў лагерам каля дуба ў Саананіме каля Кадэса. 12 І даведаўся Сісара, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор, 13 і сабраў Сісара дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі, і ўсе свае дружыны, якія меў, ад Гарасэт-Гагаіма да ручая Кісон. 14 І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень аддасць Госпад у рукі твае Сісару. Сам Госпад пойдзе перад табою». Такім чынам, сышоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысяч ваяроў. 15 І Госпад навёў жах на Сісару, і на ўсе калясніцы яго, і на ўсё мноства войска яго перад вастрыём меча Барака, так што сам Сісара, выскачыўшы з калясніцы, уцякаў пешшу. 16 Барак жа гнаў уцякаючыя калясніцы і войска аж да Гарасэт-Гагаіма, і ўсё мноства войска Сісары загінула. 17 А Сісара ўцякаў пешшу і прыбег да палаткі Ягэлі, жонкі Хабэра кінэя; бо быў мір між Явінам, царом Асора, і домам Хабэра кінэя. 18 Такім чынам, Ягэль, выйшаўшы насустрач Сісару, сказала яму: «Увайдзі да мяне, гаспадар мой; увайдзі, не бойся». Ён увайшоў у палатку яе, і яна накрыла яго кілімам. 19 Ён папрасіў яе: «Дай мне, прашу, крыху вады, бо вельмі смягну». Яна адкрыла бурдзюк з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго. 20 І Сісара папрасіў яе: «Пастой каля ўваходу ў палатку, і, калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсць тут хто?” — ты адкажы: “Нікога няма”». 21 Тады Ягэль, жонка Хабэра, узяла калок ад палаткі, узяўшы разам молат; і ўвайшла таемна і ціха да яго, і ўсклала на скронь галавы яго калок, і, ударыўшы яго молатам, убіла калок у галаву аж да зямлі; а ён аслабеў і памёр, злучыўшы сон са смерцю. 22 А тут Барак, гонячыся за Сісарам, прыйшоў; і Ягэль выйшла да яго і сказала яму: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісару, што ляжаў нежывы і з калком, убітым у скронь яго. 23 Такім чынам, у той дзень прынізіў Бог Явіна, цара Ханаана, перад сынамі Ізраэля, 24 якія мацнелі штодзень і цвёрдай рукой уціскалі Явіна, цара Ханаана, пакуль не знішчылі яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)