Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

СУДЗЬДЗЯЎ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І ў той дзень спявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы:

2 «Ізраэль адпомшчаны, народ паказаў руплівасць, дабраславіце Госпада!

3 Слухайце, цары, адкрыйце вушы, кіраўнікі; я тая, хто Госпаду будзе спяваць, хто будзе граць хвалу Госпаду, Богу Ізраэля!

4 Госпадзе, калі Ты выходзіў з Сэіра, калі Ты выходзіў з ваколіц Эдома, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі кроплі вады;

5 горы таялі перад абліччам Госпада з Сіная, перад абліччам Госпада, Бога Ізраэля.

6 У дні Самгара, сына Аната, у дні Ягэлі апусцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сцежкамі кружнымі.

7 Зніклі мужныя ў Ізраэлі, іх не стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраэлі.

8 Выбралі яны сабе багоў новых; тады прыйшла вайна ў брамы. Не з’явіліся ані шчыт, ані дзіда ў сарака тысяч Ізраэля.

9 Сэрца маё любіць князёў Ізраэля. Тыя, хто добраахвотна ахвяраваў сябе за народ, дабраслаўляйце Госпада!

10 Вы, хто едзе на асліцах белых, і сядзіць на кілімах, і хто ідзе па дарозе, спявайце!

11 Галасы тых, хто размяркоўвае ваду на каналах, хай расказваюць пра справядлівасць Госпада, пра справядлівасць магутнасці Яго ў Ізраэлі; тады збярэцца народ Госпадаў ля брамаў.

12 Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і заспявай песню! Устань, Барак, і вазьмі палонных сваіх, сын Абінаама!

13 Тады апошнія далучыліся да слаўных, народ Госпада далучыўся да магутных.

14 Ад Эфраіма прыбылі князі ў даліну, за ім Бэньямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Забулона тыя, хто трымае скіпетр.

15 Князі Ісахара былі з Дэбораю; так Барак пасланы быў у даліну з пешымі сваімі. А ў ваколіцах Рубэна разважаюць доўга.

16 Чаму ты сядзеў паміж хлявамі, каб слухаць свіст дудкі пры статку? У ваколіцах Рубэна разважаюць доўга.

17 Галаад адпачываў за Ярданам; а Дан чаму, як вандроўнік, не меў караблёў? Асэр пражываў на беразе мора і заставаўся ў портах.

18 Забулон жа ахвяраваў душу сваю смерці, а Нэфталі — на ўзвышшах краіны.

19 Прыйшлі цары і ваявалі, ваявалі цары Ханаана ў Танаху ля водаў Магеды, але здабычы срэбра не дасталі!

20 У небе змагаліся зоркі, шляхам сваім супраць Сісары ваявалі.

21 Ручай Кісон панёс трупы іх, ручай баёў, ручай Кісон; трымайся моцна, душа мая.

22 Тады гучаў тупат капытоў іх моцных коней, калі імчаліся яны ў бездань.

23 “Праклінайце Мэроз, — сказаў Анёл Госпадаў, — праклінайце жыхароў яго, бо не прыйшлі яны на дапамогу Госпаду, на дапамогу Госпаду з ваярамі сваімі”.

24 Хай будзе дабраславёна між жанчынамі Ягэль, жонка Хабэра кінэя, хай будзе яна дабраславёна між жанчынамі ў палатках!

25 Таму, хто просіць вады, яна дала малака, і ў чашы князёў прынесла яму масла.

26 Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат; ударыла Сісару, прабіўшы ранаю галаву яго і моцна праламаўшы скронь.

27 Ля ног яе ён зваліўся, упаў, ляжаў; ля ног яе зваліўся, упаў, дзе зваліўся, там і ляжаў нежывы.

28 Праз акно глядзіць маці Сісары і галосіць праз аконныя краты: “Чаму марудзіць калясніца яго вярнуцца? Чаму не спяшаюцца колы квадрыгі яго?”

29 Жанчына, разумнейшая за іншых, адказвае ёй, і сама сабе паўтарае яна яе словы:

30 “Зараз, канешне ж, дзеляць захопленую здабычу, па адной, па дзве жанчыны кожнаму ваяру; а два пакрывалы розных колераў — здабыча для Сісары, а на шыю маю са здабычы — два палатны рознакаляровыя”.

31 Так няхай, Госпадзе, знікнуць усе ворагі Твае! А хто Цябе любіць, хай ззяе так, як ззяе ўзыходзячае сонца!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы