1 Кіраўніку хору. На мелодыю песні “Выціскальні…” Псальм Давідаў. 2 Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі, бо слава Твая ўзнялася вышэй нябёсаў. 3 Праз вусны дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу дзеля ворагаў Тваіх, каб утаймаваць ворага і мсціўцу. 4 Калі бачу нябёсы Твае, твор пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, — 5 то што ж ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго? 6 Мала панізіў Ты яго за анёлаў, славаю і пашанаю ўвянчаў яго, 7 і паставіў яго над стварэннямі рук Тваіх, і ўсё Ты кінуў пад ногі яго, — 8 авечак і быкоў усіх, і ў дадатак звяроў палявых, 9 птушак нябесных ды рыб марскіх, і ўсё, што ходзіць па шляхах марскіх. 10 Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі! |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)