ПСАЛТЫР 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Жальба Давіда, якую выспеваў перад Богам дзеля Куша Бэньямінава. 2 Госпадзе, Божа мой, на Цябе спадзяюся; уратуй мяне ад усіх тых, што чыняць мне пераследы, і вызвалі мяне, 3 каб не схапіў хто, як леў, душы маёй, разрываючы яе, пакуль няма Таго, Хто ўратаваў бы. 4 Госпадзе Божа мой, калі ўчыніў я нешта, калі ёсць няпраўда ў руках маіх, 5 калі вярнуў я [благое] тым, што мне аддавалі назад благое, калі ўшанаваў непрыяцеля свайго марнага, дараваўшы яму, 6 няхай вораг чыніць пераслед душы маёй, і схопіць, і растопча па зямлі жыццё маё і славу маю перакіне ў попел. 7 Паўстань, Госпадзе, у гневе Тваім і ўзнясіся супраць лютасці непрыяцеляў маіх, і паўстань, Божа мой, на судзе, які Ты запавядаў. 8 І хай сход народаў акружыць Цябе, і над ёю вярніся ізноў на вышыню: 9 Госпад судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле справядлівасці маёй і паводле незласлівасці маёй, якая ёсць ўва мне. 10 Хай спыніцца зласлівасць грэшнікаў, а справядлівага ўмацуй, справядлівы Божа, што пранікаеш у сэрцы і ўлонні. 11 Успамога мая — у Бога, Які ратуе шчырых сэрцам. 12 Бог — Суддзя справядлівы і магутны, гневаецца штодня, 13 Ці не агаліў Ён ізноў меч Свой, ці не нацягнуў лук Свой і не падрыхтаваў яго? 14 І падрыхтаваў Ён Сабе смяротную зброю, стрэлы Свае зрабіў агнявымі. 15 Вось [чалавек]: затаіў у сабе несправядлівасць — даў пачатак жалю — спарадзіў няпраўду; 16 пачаў капаць катлаван і выкапаў яго, і ўваліўся ў яму, якую зрабіў. 17 Абернецца жаль яго на галаву яго, а зласлівасць яго спадзе на патыліцу яго. 18 Спавядаюся Госпаду паводле справядлівасці Яго і буду спяваць псальмы імю Госпада Найвышэйшага. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)