1 Псальм. Асафа. Божа, увайшлі паганы ў Тваю спадчыну, зганьбілі месца святое Тваё, Ерузалім пераўтварылі ў руіны. 2 Трупы слуг Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы святых Тваіх — звярам зямным. 3 Разлілі іх кроў, нібы ваду, вакол Ерузаліма, не было каму заняцца пахаваннем. 4 Сталі мы ганьбаю суседзям нашым, здзекам і пасмешышчам для тых, што нас акружаюць. 5 Дакуль жа, Госпадзе? Ці вечна будзеш гневацца? Няўжо ўспыхне, як агонь, рэўнасць Твая? 6 Вылі гнеў Твой на паганаў, якія Цябе не прызналі, і на царствы, якія не прызывалі імя Твайго. 7 Бо яны зжэрлі Якуба, і сталец яго кінулі. 8 Не ўспамінай правіннасці продкаў нашых, няхай апярэдзіць нас міласэрнасць Твая, бо сталіся мы вельмі беднымі. 9 Падтрымай нас, Божа збаўлення нашага дзеля славы імя Твайго і вызвалі нас; і будзь міласцівы да грахоў нашых дзеля імя Твайго. 10 Чаму гавораць між паганамі: «Дзе іх Бог?» Хай стане вядомай між народаў перад вачамі нашымі помста крыві слуг Тваіх, якая вылілася. 11 Хай дойдзе да Цябе стогн вязняў, згодна з магуццем рукі Тваёй пакінь жывымі сыноў смерці. 12 І адгадзі суседзям нашым у сем разоў у нутро іх знявагу, якою зняважылі Цябе, Госпадзе. 13 Мы ж, Твой народ і авечкі Тваёй пашы, вызнаваць будзем Цябе век, з пакалення ў пакаленне будзем апавяшчаць Тваю хвалу. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)