ПСАЛТЫР 78 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Маскіль. Асафа. 1 Маскіль. Асафа. Звярні ўвагу, народзе мой, на навуку маю; схіліце вуха вашае на словы вуснаў маіх. 2 Адкрыю вусны мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было скрыта ад стварэння свету. 3 Колькі ж мы пачулі і спазналі пра гэта, і продкі нашыя расказалі нам. 4 Не ўтоім і мы ад сыноў іх, расказваючы наступнаму пакаленню пра хвалу Госпада, і пра магуцці Яго, і пра цуды Яго, якія ўчыніў. 5 Усталяваў Ён сведчанне ў Якубе і паклаў закон для Ізраэля; як многа ўсяго загадаў Ён продкам нашым паведаміць і сынам сваім, 6 каб спазнала наступнае пакаленне, сыны, якія народзяцца. Уздымуцца яны і раскажуць сынам сваім, 7 каб на Бога ўскладалі надзею сваю і каб не забываліся пра справы Божыя і каб выконвалі Яго загады. 8 Хай не стануцца яны, як продкі іх, пакаленне непакорлівае і няўрымслівае; пакаленне, якое не ўмацавала сэрца свайго і не быў верны Богу дух яго. 9 Сыны Эфраіма, што нацягваюць і спускаюць лук, былі павернуты назад у дзень вайны. 10 Не трымаліся яны запавету Божага і не згаджаліся жыць па законе Яго. 11 І забыліся яны пра справы Яго і пра цуды Яго, якія паказаў ім. 12 Уваччу продкаў іх учыніў Ён цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі танейскім. 13 Рассек Ён мора і правёў іх, і паставіў воды, быццам у бурдзюку. 14 І правёў іх у воблаку на працягу дня, а на працягу ўсёй ночы ў асвятленні агню. 15 Рассек Ён скалу ў пустыні і наводніў іх, быццам глыбокая бездань. 16 І вывеў ручаіны са скалы і выпусціў воды, быццам рэкі. 17 Але ўсё яшчэ працягвалі яны грашыць супраць Яго, да гневу ўзрушылі Узвышняга ў бязводдзі. 18 І спакушалі яны Бога ў сэрцах сваіх, дамагаючыся ежы для душ сваіх. 19 І супраць Бога прамаўлялі яны, казалі: «Няўжо зможа Бог нарыхтаваць стол у пустыні?» 20 Вось, ударыў Ён у скалу, і пацяклі воды, і ручаі разліліся. «Няўжо зможа Ён таксама даць хлеб і нарыхтаваць мяса народу Свайму?» 21 Гэта пачуў Госпад і абурыўся, і запаліў агонь супраць Якуба, і гнеў падняўся на Ізраэля. 22 Бо не паверылі яны ў Бога, не мелі надзеі ў збавенні Яго. 23 І вось загадаў Ён хмарам зверху і адчыніў дзверы неба, 24 і паслаў ім дажджом манну для ежы, і хлеб нябесны даў ім; 25 хлеб анёльскі спажыў чалавек; паслаў Ён ежы ім у дастатку. 26 Узняў Ён усходні вецер на небе і навёў магуццем Сваім вецер паўднёвы; 27 і паслаў на іх дажджом мяса, быццам пыл, і, быццам пясок марскі, — птушак крылатых: 28 І ўпалі яны пасярод іх лагера, вакол палатак іх. 29 І сталі яны спажываць, і наеліся добра, і па патрэбе іх даў Ён ім. 30 Ды яшчэ не задаволіліся яны ў патрэбе сваёй, а ежа іх была яшчэ ў вуснах іх, 31 як загарэўся на іх гнеў Божы, і забіў Ён тлустасць іх, унівеч зрынуў абраных ізраэльцаў. 32 Ва ўсім гэтым грашылі яны далей, не паверылі Яго цудам. 33 і загубіў дні іх ў марнасці і гады іх у страху. 34 Калі забіваў Ён іх, пачыналі шукаць Яго і, навернутыя, прыходзілі да Яго на досвітку. 35 І прыпаміналі сабе, што Бог — іх Успаможца, і Бог Узвышні — іх Адкупіцель. 36 І ўгаворвалі Яго вуснамі сваімі і хлусілі Яму сваім языком. 37 Бо сэрца іх не было праўдзівым з Ім, і не былі яны вернымі ў запавеце Яго. 38 Ён, аднак, быў міласэрны і спагадны да несправядлівасці і не губіў іх. Часта адводзіў Ён Свой гнеў і не палаў на поўню ў Сваім абурэнні. 39 І прыпамінаў сабе, што яны — толькі цела, подых імклівы і незваротны. 40 Колькі разоў раздражнялі Яго ў пустыні, да гневу ўзбуджалі Яго ў бязводдзі! 41 І зноў спакушалі Бога і раздражнялі Святога Ізраэлева. 42 Не ўспаміналі яны пра руку Яго, пра дзень, калі адкупіў Ён іх з рукі пераследніка. 43 Калі падаў Ён у Егіпце знакі Свае і цуды Свае ў полі танейскім. 44 Ператварыў Ён у кроў рэкі іх і ручаі іх, каб не пілі. 45 Наслаў на іх мух, і тыя кусалі іх, і жабаў, і тыя губілі іх. 46 На ўраджай іх напусціў вусеняў, а плады працы іх аддаў саранчы. 47 Градам знішчыў вінаграднікі іх, а морвы іх — маразамі. 48 І аддаў граду жывёлу іх, а статкі іх — полымю агністаму. 49 Наслаў на іх полымя гневу Свайго; раз’ятранасць, пагрозлівасць і прыцясненне — насланне ліхіх анёлаў. 50 Даў вольны шлях гневу Свайму, не ўхаваў ад смерці душы іх і жыццё іх спыніў. 51 І выгубіў Ён усё першароднае ў зямлі Егіпецкай, парасткі ствалоў іх у палатках Хама. 52 Ён правёў, як авечак, народ Свой, і правёў іх, быццам статак, па пустыні. 53 І вывеў іх у спадзяванні, і яны не баяліся, а непрыяцеляў іх пакрыла мора. 54 І ўвёў іх у межы пасвячэння Свайго, на гару, якую здабыла правіца Яго. 55 І адрынуў перад імі паганаў, і падзяліў ім зямлю шнуром спадчыны, і даў пакаленням ізраэльскім жыць у палатках іх. 56 Ды спакушалі і раздражнялі яны Бога Узвышняга і сведчанняў Яго не захоўвалі. 57 І адступалі, і крывадушнічалі, як і бацькі іх, пераварочваліся назад, як крывы лук, 58 да гневу ўзбуджалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі справакавалі Яго да рэўнасці. 59 Пачуў Бог і ўзгарэўся гневам, і рэзка адцураўся Ізраэля. 60 І адкінуў Ён паселішча Сіло, палатку, дзе пасяліўся сярод людзей. 61 І аддаў у палон магуцце Сваё і аздобу Сваю — у рукі непрыяцеля. 62 І замкнуў Ён мячом народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся. 63 Юнакоў іх зжор агонь, а дзяўчаты іх — не замужам. 64 Святары іх палеглі ад меча, і ўдовы іх не былі аплаканыя. 65 І падняўся Госпад, як быццам ад сну, нібы волат, закамянелы ад віна. 66 І ўдарыў на ворагаў сваіх з заплечча і справіў ім вечную ганьбу. 67 І пакінуў Ён палатку Язэпа, і не абраў сабе пакалення Эфраіма. 68 Але абраў сабе пакаленне Юды, гару Сіён, якую ўзлюбіў. 69 І збудаваў, як найвышэйшае свяцілішча Сваё, так і зямлю, якую ўстанавіў навечна. 70 І выбраў Давіда слугою Сваім, і выставіў яго ад статкаў авечых, 71 ад акочаных [авечак] прыняў яго, пасвіць Якубаў народ Свой і Ізраэлеву спадчыну Сваю. 72 І пасвіў іх у бязвіннасці сэрца свайго і ў мудрасці рук сваіх вадзіў іх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)