Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПЕСЬНЯ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ПЕСЬНЯ 3

1 «На ложку маім уначы шукала я таго, якога мілуе душа мая; шукала яго і не знайшла.

2 Устану і пайду ў горадзе па вуліцах і па плошчах. Буду шукаць таго, якога любіць душа мая. Шукала яго і не знайшла.

3 Напаткалі мяне вартаўнікі, якія абходзяць кругом горад: “Ці не бачылі вы таго, якога мілуе душа мая?”

4 Ледзь мінула іх, спаткала таго, якога любіць душа мая; схапіла яго, не пушчу, пакуль не завяду яго ў дом маці маёй і ў пакой радзіцелькі маёй».

5 «Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, сарнамі і палявымі ланямі: не будзіце і не падымайце ад сну ўлюбёнай, аж пакуль сама не захоча».

6 Што гэта, што надыходзіць пустыняю, як слуп дыму, выдаючы водар фіміяму і міры, і разнастайных масцей міраварніка?

7 Вось ложа Саламона. Шэсцьдзесят моцных акружаюць яго з наймацнейшых Ізраэля,

8 усе яны носяць мечы і спрактыкаваныя ў войнах, кожны носіць меч пры боку дзеля страхаў начных.

9 Насілкі сабе зрабіў цар Саламон з дрэва лібанскага;

10 слупкі іх зрабіў срэбраныя, узгалоўе — залатое, сядзенне — пурпуровае; сярэдзіна іх выслана эбэнавым дрэвам.

11 «Дочкі Ерузаліма, выйдзіце і паглядзіце, дочкі Сіёна, на цара Саламона ў дыядэме, якой увянчала яго маці яго ў дзень яго заручын, у дзень радасці яго сэрца».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)