ПЕСЬНЯ 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 «О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о якая прыгожая: вочы твае галубіныя пад вэлюмам тваім. Валасы твае — як статак коз, што спускаюцца з гары Галаад. 2 Зубы твае — як статак стрыжаных авечак, якія выходзяць з купальні: у кожнай пара ягнят, і няплоднай між іх няма. 3 Быццам стужка чырвоная — вусны твае, і мова твая салодкая; як паловы гранатавага яблыка — шчокі твае пад вэлюмам тваім. 4 Як вежа Давідава — шыя твая, пабудаваная з умацаваннямі, тысяча шчытоў павешана на ёй, усё зброя моцных. 5 Грудзі твае — як двое казлянят, блізнят сарны, якія пасвяцца ў лілеях. 6 Пакуль дзень набліжаецца і знікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак фіміяму. 7 Уся ты гожая, сяброўка мая, і заганы ў табе няма. 8 Прыйдзі з Лібана, нявеста, прыйдзі з Лібана, падыдзі: спяшайся з вяршыні Амана, з верхавін Сэніра і Гэрмона, з логавішчаў львоў, з гор леапардаў. 9 Параніла ты сэрца маё, сястра мая, нявеста, параніла ты сэрца маё адным позіркам вачэй тваіх і аднымі каралямі на шыі тваёй. 10 Якое цудоўнае каханне тваё, сястра мая, нявеста, лепшае каханне тваё, чым віно. Ды пах алейкаў тваіх лепшы за ўсе водары. 11 Сотавы мёд сцякае з вуснаў тваіх, о нявеста, мёд і малако пад тваім языком, а водар шатаў тваіх — як духмянасць Лібана. 12 Замкнуты сад — сястра мая, нявеста, замкнуты сад, калодзезь запячатаны. 13 Парасткі твае — гай яблыкаў гранатавых з адборнымі пладамі, кіпер з нардам. 14 Нард і шафран, пахкі трыснёг і карыца з усімі пахкімі дрэвамі, міра і алоэ ды з усімі лепшымі алейкамі. 15 Садовая крыніца, студня жывых водаў, што сцякаюць імкліва з Лібана. 16 Падыміся, вецер паўночны, наляці, вецер паўднёвы; павей на сад мой, і хай паплывуць пахі яго». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)