1 Калі ўбачыш вала або авечку брата свайго, якія заблукалі, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму. 2 Калі ж брат твой не блізка ад цябе або калі яго не ведаеш, завядзі ў дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой і тады аддасі іх яму. 3 Так зрабі з яго аслом, з плашчом і з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго: калі знойдзеш яе, не замоўчвай. 4 Калі ўбачыш, што асёл або вол брата твайго ўпаў на дарозе, не хавайся, але падымай разам з ім. 5 Хай не апранаецца жанчына ў мужчынскае адзенне, а мужчына хай не ўжывае адзення жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэта робіць. 6 Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маці і птушанятамі або з маці, якая выседжвае яйкі, то не бяры маці з птушанятамі. 7 Маці пусці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае. 8 Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім кругом агароджу, каб не навесці крыві на дом свой, калі хто-небудзь зваліцца з яго. 9 Не засявай вінаградніку свайго другім насеннем, каб не зрабіць табе заклятым і збор насення, якое ты пасееш, і плады вінаградніку свайго. 10 Не ары на вале і асле разам. 11 Не апранай адзення, сатканага з воўны і лёну разам. 12 Зрабі сабе фрэнзлі на чатырох рагах плашча твайго, якім акрываешся. 13 «Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым узненавідзіць яе, 14 і пачне намаўляць на яе, і зняславіць яе, кажучы: “Узяў я яе за жонку, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва”, 15 тады бацька і маці яе хай занясуць знакі дзявоцтва яе да старэйшых з горада, якія сядзяць у браме, 16 і бацька хай скажа: “Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе ўзненавідзеў 17 і знеслаўляе яе імя тым, што кажа: “Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва”. Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі”, — і раскладзе адзенне перад старэйшымі з горада. 18 Тады старэйшыя з таго горада хай возьмуць мужчыну і пакараюць яго, 19 і накладуць на яго пакаранне ў сто сікляў срэбра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна хай застаецца яго жонкай і не зможа ён кінуць яе ва ўсе дні жыцця свайго. 20 Але калі тое, у чым ён абвінавачвае, акажацца праўдай, калі не пацверджана дзявоцтва ў дзяўчыны, 21 то завядуць яе да дзвярэй дома бацькі яе і ўкамянуюць яе мужчыны гэтага горада аж да смерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю тым, што распуснічала ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяроддзя свайго». 22 Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца; і ты вынішчыш ліха з Ізраэля. 23 Калі хто-небудзь спаткае ў горадзе маладую дзяўчыну, заручаную мужу, і ляжа з ёю, 24 то абаіх прывядзіце да брамы горада таго і ўкамянуйце да смерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку блізкага свайго, і так вынішчыш зло паміж сябе. 25 Калі, аднак, мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і, схапіўшы, лёг з ёю, хай ён адзін памрэ, 26 а дзяўчыне хай нічога не будзе, няма на ёй смяротнай віны, бо падобна, як чалавек паўстае супраць брата свайго і забівае яго, тое ж і дзяўчына пацярпела: 27 яна адна была на полі, і крычала заручаная дзяўчына, але не было нікога, хто б дапамог ёй. 28 Калі б мужчына напаткаў цнатлівую дзяўчыну, не заручаную, схапіў яе і лёг з ёю, і справа дайшла б да суда, 29 той мужчына, які лёг з ёю, хай дасць бацьку дзяўчыны пяцьдзесят сікляў срэбра і возьме яе за жонку, таму што ён згвалтаваў яе, і не будзе ў яго магчымасці кінуць яе ва ўсе дні жыцця яго. 30 Не павінен браць мужчына жонкі бацькі свайго і адкрываць [покрыва] яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)