Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


БЫЦЦЁ 50 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
БЫЦЦЁ 50

1 І Язэп прыпаў да твару бацькі, і плакаў, і цалаваў яго.

2 І загадаў паслугачам сваім, лекарам, каб забальзамавалі яго бацьку.

3 І прайшло сорак дзён, пакуль яны споўнілі загад, бо такі быў звычай бальзамавання памерлых. І аплаквалі яго жыхары Егіпта семдзесят дзён.

4 Па заканчэнні часу жалобы Язэп прамовіў да сям’і фараона: «Калі я знайшоў ласку ў вас, скажыце фараону,

5 што бацька узяў з мяне прысягу, кажучы: “Вось, я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаан, пахавай мяне”. Дык я вось цяпер пайду, пахаваю бацьку свайго і вярнуся».

6 Фараон сказаў яму: «Ідзі і пахавай бацьку свайго, як прысягнуў яму».

7 І калі Язэп выправіўся, пайшлі з ім усе паслугачы фараона, старцы дому яго, і ўсе старэйшыя гадамі зямлі Егіпецкай,

8 сям’я Язэпа з яго братамі, за выключэннем дзяцей і статкаў, якія засталіся ў зямлі Гашэн.

9 Меў ён таксама пры сабе калясніцы і коннікаў, і сабраўся немалы натоўп.

10 І прыбылі яны ў Гарэнатад, месца, што знаходзіцца за Ярданам, там справілі пахаванне з лямантам вялікім і плакалі несупынна сем дзён.

11 Калі гэта ўбачылі жыхары зямлі Ханаан, казалі: «Гэта вялікая жалоба егіпцян», і дзеля таго названа тое месца Абэл-Міцраім.

12 І зрабілі сыны Якуба так, як ім ён загадаў.

13 І занеслі яго ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры Махпэла, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасць для пахавання ад Эфрона Хетыта, насупраць Мамрэ.

14 Пахаваўшы бацьку, вярнуўся Язэп у Егіпет з братамі сваімі і з усёй дружынай.

15 Па смерці бацькі Якуба браты Язэпа баяліся і казалі паміж сабой: «Каб часам не ўспомніў ён пра несправядлівасць, ад якой пацярпеў, ды не адпомсціў нам за ўсё ліха, што мы ўчынілі».

16 І перадалі яму, кажучы: «Бацька твой загадаў нам перад смерцю,

17 каб мы табе яго словамі сказалі: “Прашу, забудзь пра злачынства братоў сваіх, і грэх, і ліха, якога дапусціліся адносна цябе”. Мы таксама просім, каб паслугачам Бога бацькі твайго дараваў ты гэтую несправядлівасць». Выслухаўшы іх, Язэп заплакаў.

18 І прыйшлі да яго браты яго і, упаўшы перад ім, казалі: «слугі мы твае».

19 Ён ім адказаў: «Не бойцеся. Ці ж можам працівіцца волі Божай!

20 Вы задумалі для мяне благое, а Бог перамяніў яго на дабро, каб узвысіць мяне, як цяпер бачыце, і каб уратаваць многія народы.

21 Не бойцеся: я буду карміць вас і дзяцей вашых». І суцешыў ён іх, ласкава і зычліва гаворачы з імі.

22 І жыў ён у Егіпце з усёй сям’ёй бацькі свайго, і пражыў сто дзесяць гадоў,

23 і бачыў сыноў Эфраіма аж да трэцяга пакалення. Таксама дзеці Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на калені Язэпа.

24 Калі ж гэта прамінула, сказаў ён братам сваім: «Пасля смерці маёй Бог адведае вас і выведзе з гэтай зямлі ў зямлю, якую паабяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу».

25 І калі ўзяў ён прысягу з іх і сказаў: «Бог адведае вас; забярэце з сабой мае косці з гэтага месца»,

26 то памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. І забальзамавалі цела яго, і паклалі ў скрыню ў Егіпце.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)