ВЫХАД 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Гэткія імёны сыноў Ізраэля, якія разам з Якубам увайшлі ў Егіпет; кожны ўвайшоў са сваёю сям’ёй: 2 Рубэн, Сімяон, Леві, Юда, 3 Ісахар, Забулон і Бэньямін, 4 Дан і Нэфталі, Гад і Асэр. 5 Такім чынам, усіх іх, што выйшлі са сцёгнаў Якуба, было семдзесят асоб; а Язэп быў у Егіпце. 6 Калі ён памёр, і ўсе яго браты, і ўвесь той род, 7 сыны Ізраэля размнажаліся, узмацняючыся, дужэлі і хутка запаўнялі зямлю. 8 Між тым узняўся над Егіптам новы цар, які не ведаў Язэпа, 9 і сказаў свайму народу: «Вось, народ сыноў Ізраэля — шматлікі і мацнейшы за нас: 10 прыходзьце, давайце разумна абыдземся з ім, каб ён не размножыўся; бо калі выбухне супраць нас вайна, ён далучыцца да нашых ворагаў, і, скарыўшы нас, выйдзе з зямлі». 11 Такім чынам, для іх паставіў ён наглядчыкаў работ, каб вынішчалі іх цяжарам; і пабудавалі яны для фараона гарады, каб захоўваць прыпасы, — Пітом і Рамэсас. 12 І чым болей іх прыгняталі, тым больш яны размножваліся і раслі. 13 Дык егіпцяне пачалі дужа баяцца сыноў Ізраэля, і загналі іх у нявольніцтва, 14 і да гаркаты даводзілі жыццё іх цяжкімі работамі над глінай і цэглай і праз розную службу, якою прыгняталіся яны ў зямельных справах. 15 І сказаў цар егіпецкі павітухам гебрайскім, адна з якіх звалася Сэфраю, другая — Пуваю, 16 загадваючы ім: «Калі будзеце прымаць роды ў гебраяк і надыдзе час нараджэння, то глядзіце: калі будзе [дзіця] мужчынскага роду — забівайце яго; калі будзе жаночага роду — захоўвайце». 17 Але павітухі шанавалі Бога і не зрабілі згодна пастановы цара Егіпецкага, а зберагалі хлопчыкаў. 18 Заклікаўшы іх да сябе, цар сказаў: «Чаму ж гэта, чаму пажадалі вы рабіць, каб ратаваць хлопчыкаў?» 19 Яны адказалі: «Гебрайкі не такія, як егіпецкія жанчыны; бо яны здаровыя, і яны нараджаюць, перш чым мы прыходзім да іх». 20 Таму Бог добра абышоўся з павітухамі, а народ разрастаўся і рабіўся вельмі дужым; 21 і таму, што павітухі шанавалі Бога, Ён пабудаваў ім дамы. 22 А фараон загадаў усяму свайму народу, кажучы: «Калі што народзіцца мужчынскага роду — кідайце ў раку, калі што жаночага — захоўвайце». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)