Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


БЫЦЦЁ 49 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
БЫЦЦЁ 49

1 І паклікаў Якуб сыноў сваіх, і сказаў ім: «Збярыцеся, каб мне абвясціць, што чакае вас у пазнейшых часах.

2 Збярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце бацькі вашага, Ізраэля!

3 Рубэн, першародны мой, ты — моц мая і пачатак сілы маёй; першы па дастойнасці, старэйшы па сіле!

4 Пенячыся, як вада, не будзеш пяршынстваваць, бо ты ўвайшоў у ложак бацькі свайго і апаганіў пасцель маю.

5 Сімяон і Леві — браты, начынне гвалту зброя іх.

6 У іх нараду не ўвойдзе душа мая, і ў сходзе іх хай не будзе славы маёй, бо ў шале сваім забілі яны чалавека і ў сваволлі сваім падрэзалі жылы быкоў.

7 Праклятая лютасць іх, бо ўпорыстая, і заядласць іх, бо тупая! Падзялю іх у Якубе і раскіну іх у Ізраэлю.

8 Юда, цябе будуць хваліць браты твае, твая рука на карках ворагаў тваіх; будуць пакланяцца табе сыны бацькі твайго.

9 Юда — малады леў, сын мой, ад здабычы падняўся ты; адпачыць лёг ён, як леў і быццам львіца, і хто пабудзіць яго?

10 Не будзе аднятае жазло ад Юды, і кій князя — з-пад ног яго, пакуль не прыйдзе той, чыім яно ёсць і каму скорацца народы.

11 Прывязваючы да вінаградніку аслянятка сваё і да ўшчэпу вінаграднага сына асліцы сваёй, памые ў віне адзенне сваё ды ў крыві вінаграду плашч свой.

12 Вочы яго цямнейшыя за віно, і зубы яго бялейшыя за малако.

13 Забулон на беразе мора будзе жыць і ў прыстані караблёў, пашыраючыся аж да Сідона.

14 Ісахар — асёл дужы, што ляжыць паміж загонаў.

15 Ён убачыў, што супачынак — гэта добра і што зямля — гэта найлепш; і падставіў ён плячо сваё да нашэння, і пачаў служыць за плату.

16 Дан будзе судзіць народ свой як адно з пакаленняў Ізраэля.

17 Дан станецца змяёю на дарозе, гадзінай на сцежцы, што кусае ногі каня, каб коннік яго падаў назад.

18 Чакаць буду, Госпадзе, збаўлення Твайго!

19 Гад — разбойнікі будуць нападаць на яго, а ён будзе наступаць ім на пяты.

20 Асэр — сыты хлеб яго, і ён будзе дзяліць раскошы царскія.

21 Нэфталі — адпушчаная лань, што дае прыгожыя рогі.

22 Язэп — урадлівае дрэва, урадлівае дрэва над крыніцаю: галінкі яго выступаюць па-за мурам.

23 Але дражнілі яго і сварыліся, і варожымі яму былі тыя, якія маюць дроцікі.

24 Ды зламаўся лук іх, і аслаблі мышцы плечаў іх дзякуючы рукам Усемагутнага Якуба, дзякуючы імю Пастыра, Каменя Ізраэля.

25 Бог бацькі твайго будзе Успаможцам тваім, і Усемагутны будзе дабраслаўляць цябе дабраславеннямі нябеснымі з гары, дабраславеннем бездані, што ляжыць унізе, дабраславеннем грудзей і ўлоння.

26 Дабраславенні бацькі твайго ўзмацніліся па-над дабраславеннямі гораў адвечных і па-над пажаданнямі ўзгоркаў спрадвечных; хай будуць яны на галаве Язэпа і на цемені выбранца між братоў сваіх.

27 Бэньямін — воўк драпежны, шторання будзе есці здабычу, а вечарам дзяліць здабытак».

28 Усе яны — гэта дванаццаць пакаленняў Ізраэля. Вось, гэта сказаў ім бацька іх і дабраславіў кожнага паасобку асабістымі дабраславеннямі.

29 А потым даў ім загад, кажучы: «Я далучаюся да народа свайго; дык пахавайце мяне з бацькамі маімі ў пячоры Махпэла, якая знаходзіцца на полі Эфрона Хетыта,

30 насупраць Мамрэ, у зямлі Ханаан, якую купіў Абрагам з полем ад Эфрона Хетыта як магілу ва ўласнасць для пахавання.

31 Там пахавалі яго і жонку яго, Сару, там пахаваны Ізаак з Рэбэкай, жонкай сваёй, там і Лія ляжыць пахаваная;

32 Сгэта поле і пячора, якая на ім, куплена ў сыноў Хетытавых».

33 Скончыўшы даручэнні сынам сваім, паклаў ён ногі свае на ложку і сканаў, і быў далучаны да народа свайго.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)