1 І сказаў Бог Якубу: «Устань і ідзі ў Бэтэль, і там жыві. І зрабі ахвярнік Богу, Які з’явіўся табе, калі ўцякаў ты ад Эзава, брата твайго». 2 І Якуб, склікаўшы ўсіх хатніх сваіх, сказаў: «Кіньце багоў чужых, якія знаходзяцца пасярод вас, і ачысціцеся, і змяніце адзенне вашае. 3 Устанем і ўвойдзем у Бэтэль, каб зрабіць там ахвярнік Богу, Які выслухаў мяне ў дзень гора майго і спадарожнікам быў у дарозе маёй». 4 І аддалі яму ўсіх багоў чужых, якіх мелі, і завушніцы, якія былі ў вушах іх, і ён закапаў тое пад дубам, недалёка ад якога — горад Сіхэм. 5 А калі выбраліся яны ў дарогу, страх Божы ахапіў усе навакольныя гарады, і не адважыліся яны нападаць на сыноў Якуба. 6 І так Якуб прыбыў у Луз, які ў зямлі Ханаан, значыць у Бэтэль, ён сам ды ўвесь народ з ім. 7 І пабудаваў ён там ахвярнік, і назваў тое месца Эль-Бэтэль. Там, вось, з’явіўся яму Бог, калі ўцякаў ён ад брата свайго. 8 У той час памерла Дэбора, карміцелька Рэбэкі, і пахавана была пад дубам каля падножжа Бэтэля, і месца тое назвалі Дуб Плачу. 9 І другі раз з’явіўся Бог Якубу, калі ён вярнуўся з Падан-Арама, і дабраславіў яго, 10 кажучы: «Не будзеш больш называцца Якуб, але Ізраэль будзе імя тваё», і назваў яго Ізраэлем. 11 І сказаў яму: «Я — Бог Усемагутны. Расці і размнажайся. Народ і мноства народаў з цябе будзе, валадары са сцёгнаў тваіх выйдуць. 12 І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ізааку, дам табе, і нашчадкам тваім па табе дам гэтую зямлю». 13 І адышоў ад яго Бог. 14 Ён жа паставіў слуп каменны на тым месцы, дзе Бог да яго прамаўляў, складаючы ахвяру вадкую і выліваючы алей. 15 І назваў Якуб тое месца Бэтэль. 16 І выйшлі яны з Бэтэля. І адсюль быў яшчэ кавалак дарогі да Эфраты, як раптам Ракель пачала нараджаць. 17 А калі нараджала ў вялікіх болях і жыццю яе пагражала небяспека, павітуха сказала ёй: «Не бойся, бо і на гэты раз ты будзеш мець сына!» 18 І яна, паколькі душа выходзіла з яе і набліжалася смерць, назвала сына свайго Бэноні. А бацька назваў яго Бэньямін. 19 І памерла Ракель, і пахавана была ля дарогі, якая вядзе ў Эфрату, гэта Бэтлехэм. 20 І Якуб паставіў помнік на яе магіле. Помнік гэты стаіць на магіле Ракель па сённяшні дзень. 21 І выбраўся Ізраэль адтуль, і паставіў палатку за Магдал-Эдэрам. 22 І калі яны жылі ў той мясцовасці, Рубэн пайшоў і спаў з Більгаю, наложніцай бацькі свайго, і ён пра гэта даведаўся. Сыноў Якуба было дванаццаць. 23 Сыны Ліі: першародны сын Якуба Рубэн, і Сімяон, і Леві, і Юда, і Ісахар, і Забулон. 24 Сыны Ракелі: Язэп і Бэньямін. 25 Сыны Більгі, паслугачкі Ракелі: Дан і Нэфталі. 26 Сыны Зільпы, нявольніцы Ліі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, якія яму нарадзіліся ў Падан-Араме. 27 Прыбыў Якуб да Ізаака, бацькі свайго, у Мамрэ, у Карыят-Арбу, значыць у Геброн, дзе калісьці качавалі Абрагам і Ізаак. 28 І споўнілася дзён Ізаака сто восемдзесят гадоў. 29 І, скончыўшы свой век, Ізаак памёр, і далучаны быў да народа свайго, стары і насычаны жыццём. І пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)