Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


БЫЦЦЁ 34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
БЫЦЦЁ 34

1 І выйшла аднойчы Дзіна, дачка, якую нарадзіла Лія Якубу, каб паглядзець на дачок таго краю.

2 А калі яе ўбачыў Сіхэм, сын Гамора Гівея, князя той зямлі, закахаўся ў яе, і выкраў, і спаў з ёй, учыніўшы ёй гвалт.

3 І зраслася душа яго з ёю, пакахаў ён дзяўчыну, і прамаўляў да яе міла.

4 І прасіў ён бацьку свайго Гамора: «Вазьмі гэту дзяўчыну для мяне за жонку!»

5 Калі Якуб пачуў, што Сіхэм зганьбіў яго дачку Дзіну, а сыны яго былі занятыя пры статку на выгане, ён нічога не сказаў, пакуль яны не вярнуліся.

6 І калі Гамор, бацька Сіхэма, выбраўся да Якуба, каб з ім пагаварыць,

7 вось, сыны Якуба вярталіся з поля і, пачуўшы, што здарылася, засмуціліся і ўзлаваліся моцна, бо ганьбу зрабіў Ізраэлю і, згвалтаваўшы дачку Якуба, учыніў недазволенае.

8 А Гамор сказаў ім: «Душа Сіхэма, сына майго, прыгарнулася да дачкі вашай. Дайце яму яе за жонку.

9 Пасваячцеся з намі: дачок вашых выдавайце за нас, а дачок нашых вазьміце сабе.

10 І будзеце жыць разам з намі, зямля будзе для вас. Можаце на ёй жыць, рухацца вольна і купляць зямлю ва ўласнасць».

11 Але Сіхэм сказаў таксама да бацькі і братоў яе: «Атрымаць бы мне толькі вашу згоду, і дам, што запатрабуеце.

12 Прызначце мне хоць бы найбольшы пасаг і дарунак, і я гатовы даць столькі, колькі скажаце. Толькі дайце мне дзяўчыну гэтую за жонку».

13 Сыны Якуба адказвалі Сіхэму і яго бацьку Гамору падступна з прычыны зганьбавання іх сястры:

14 «Не можам мы зрабіць таго, што вы просіце: аддаць сястру нашу за чалавека неабрэзанага, бо гэта было б нам ганьбай.

15 У гэтым зможам мы пагадзіцца з вамі толькі тады, калі вы захочаце быць падобнымі да нас, калі кожны з мужчынскага полу ў вас будзе абрэзаны.

16 Тады толькі аддадзім вам дачок нашых, а дачок вашых будзем браць сабе за жонак, і будзем жыць разам з вамі, і станемся адным народам.

17 Калі не захочаце быць абрэзанымі, возьмем дачку нашу і пойдзем далей».

18 Прапанова іх спадабалася Гамору і Сіхэму, сыну яго,

19 і юнак не адклаў, каб адразу споўніць, што патрабавалася, бо моцна любіў дачку Якуба, а быў ён найбольш паважаны ў цэлым доме бацькі свайго.

20 Дык, увайшоўшы ў браму горада, Гамор і Сіхэм, сын яго, так прамовілі да мужоў свайго горада:

21 «Людзі гэтыя міралюбныя ў адносінах да нас; хай жывуць на гэтай зямлі і вандруюць па ёй; яна прасторная і шырокая для іх. Дачок іх будзем браць за жонак, а нашых ім будзем аддаваць.

22 Пры той, аднак, умове тыя мужы змогуць прыйсці да пагаднення з намі, каб жыць разам і стацца адным народам, калі мы абрэжам нашых мужчын, пераймаючы звычай гэтага народа;

23 тады іх дробная і буйная жывёла і маёмасць будуць нашымі. Давайце толькі пагадзімся на гэта, і яны будуць жыць разам з намі».

24 І згадзіліся ўсе, і абрэзаліся ўсе мужчыны, што выйшлі з брамы горада свайго.

25 І вось, на трэці дзень, калі пакутвалі яны ад вялікага болю, два сыны Якуба, Сімяон і Леві, браты Дзіны, схапіўшы мечы, упэўнена ўварваліся ў горад і вымардавалі ўсіх мужчын.

26 І забілі таксама Гамора і сына яго Сіхэма, і забралі Дзіну, сястру сваю, з дому Сіхэма.

27 Сыны Якуба кінуліся да забітых і абрабавалі горад, каб адпомсціць за ганьбу.

28 Забралі яны дробную і буйную жывёлу іх, і аслоў, ды ўсё, што ў горадзе і на палях было.

29 І ўсю маёмасць, усіх дзяцей і жанчын забралі ў палон, разрабаваўшы ўсё, што было ў дамах.

30 Тады Якуб сказаў Сімяону і Леві: «Устрывожылі вы мяне і зрабілі мяне ненавісным для хананеяў і феразеяў, жыхароў гэтай зямлі. Нас жа нямнога, а яны, сабраўшыся, нападуць на мяне, і буду знішчаны я і дом мой».

31 Яны адказалі: «А ці ж можна паводзіць сябе з сястрою нашай, як з блудніцаю?»

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)