Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

БЫЦЦЁ 33 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І Якуб, падняўшы вочы свае, убачыў, што набліжаецца Эзаў, а з ім чатырыста мужчын. І падзяліў дзяцей Ліі, Ракелі і абедзвюх нявольніц,

2 і памясціў адну і другую нявольніц з іх дзецьмі наперадзе, Лію з яе дзецьмі крыху за імі, а Ракель і Язэпа — самымі апошнімі.

3 А сам, ідучы перад усімі, сем разоў пакланіўся да зямлі, пакуль падышоў да брата свайго.

4 І Эзаў падбег насустрач брату свайму, абняў яго; і, абхапіўшы шыю яго, пацалаваў яго, і расплакаліся абодва.

5 І, падняўшы вочы, убачыў жанчын і дзяцей іх, і спытаўся: «Хто яны табе?» Ён адказаў: «Гэта дзеці, якіх падараваў Бог мне, слузе твайму».

6 Тады падышлі нявольніцы з сваімі дзецьмі і пакланіліся.

7 Падышла потым Лія са сваімі дзецьмі, і калі яны таксама пакланіліся, апошнімі аддалі паклон Язэп і Ракель.

8 І спытаўся Эзаў: «Чые гэта статкі, якія я напаткаў?» Якуб адказаў: «Каб знайшоў я ласку перад гаспадаром маім».

9 А той кажа: «Маю я многа, браце мой, хай тваё будзе табе».

10 Якуб адказаў: «Але ж не, прашу. Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прымі маленькі дар з рук маіх. Бо калі я ўбачыў аблічча тваё, як быццам бачыў аблічча Бога, і ты быў да мяне спагадны.

11 Прымі ж, прашу, дабраславенне, якое прыбыло да цябе, бо Бог міласцівы для мяне, маю ўсё». І так заахвочваў яго, што той прыняў

12 і сказаў: «Хадзем разам, буду спадарожнікам тваім».

13 Якуб адказаў: «Ведаеш, мой гаспадару, што са мною малыя дзеці, а таксама авечкі з акотам і каровы; калі буду абцяжарваць іх падарожжам хоць бы адзін дзень, то прападуць усе мае статкі.

14 Дык ідзі, гаспадару мой, перад паслугачом тваім, а я буду ісці памалу, так, як пойдзе мой статак перада мною і як будуць ісці дзеці, пакуль не прыйду да гаспадара майго ў Сэір».

15 Эзаў адказаў: «Прашу цябе, хай застануцца спадарожнікамі табе хаця б некалькі людзей маіх, якія са мною». «Няма, — кажа, — патрэбы; аднаго мне толькі трэба, каб знайшоў я ласку ў вачах гаспадара майго».

16 І Эзаў вярнуўся ў той дзень дарогай сваёй у Сэір.

17 А Якуб прыбыў у Сукот, дзе збудаваў сабе дом, а для сваіх статкаў паставіў буданы. Дзеля таго тую мясцовасць назваў ён Сукот.

18 Калі прыйшоў з Падан-Арама, пераправіўся Якуб бяспечна ў горад Сіхэм, які ў зямлі Ханаан, і абжыўся каля горада.

19 І купіў ён частку поля, на якой паставіў палатку сваю, ад сыноў Гамора, бацькі Сіхэма, за сто срэбранікаў.

20 І ўзнёс там ахвярнік, і назваў яго: «Бог ёсць Богам Ізраэля».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы