1 Пасля ўбачыў я іншага магутнага анёла, апранутага ў воблака, які сыходзіў з неба, і над галавой у яго вясёлка, і твар яго – быццам сонца, і ногі яго – як слупы вогненныя, 2 і меў ён у руцэ сваёй адкрытую маленькую кніжку. І паставіў ён ногі свае: правую – на мора, а левую – на зямлю, 3 і ўсклікнуў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. І калі ён усклікнуў, прамовілі сем грымот галасамі сваімі. 4 І калі прагучалі гэтыя сем грымот, хацеў я пісаць, але пачуў з неба голас, які казаў мне: «Запячатай тое, што прамовілі сем грымот, і не пішы таго». 5 І анёл, якога я бачыў, што стаяў на моры і на зямлі, падняў правую руку сваю ў неба 6 і прысягнуў Тым, Хто жыве на векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім ёсць, і зямлю і тое, што на ёй ёсць, і мора і што ў ім ёсць: «Часу ўжо больш не будзе! 7 Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як Ён дабравесціў паслугачам Сваім прарокам». 8 І пачуў я зноў голас з неба, які гаварыў са мной і казаў: «Ідзі і вазьмі адкрытую маленькую кніжку з рукі анёла, што стаіць на моры і на зямлі». 9 І пайшоў я да анёла, кажучы яму: «Дай мне маленькую кніжку». І ён сказаў мне: «Бяры кнігу і з’еж яе; і яна стане горкаю ў жываце тваім, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд». 10 І ўзяў я маленькую кніжку з рукі анёла і з’еў яе; і ў вуснах маіх была яна салодкай, як мёд, а, калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу. 11 І кажа мне: «Ты павінен зноў прарочыць пра народы, пра плямёны, пра мовы і пра многіх цароў». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)