АДКРЫЦЦЁ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І дадзена была мне трысціна, падобная да жазла, і сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Божую, і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ёй. 2 А панадворак звонку святыні абміні і не мерай яго, бо ён дадзены паганам, і яны будуць таптаць горад святы на працягу сарака двух месяцаў. 3 І Я дам уладу Маім двум сведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу». 4 Яны – дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Богам зямлі. 5 І калі хто хоча ім шкодзіць, то агонь выходзіць з вуснаў іх і нішчыць іх ворагаў; калі ж хто захоча пакрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты. 6 Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж у час іх праракавання, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і пляжыць зямлю ўсякай напасцю, калі толькі захочуць. 7 І, калі закончаць яны сведчанне сваё, звер, які паўстане з бяздоння, пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб’е іх. 8 І трупы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духоўна завецца Садом і Егіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны. 9 І многія з народаў, і пакаленняў, і моў, і плямён будуць аглядаць трупы іх тры дні і паўдня, а целаў іх не дазволяць пакласці ў магілу. 10 І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі. 11 І пасля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх. 12 І пачулі яны з неба магутны голас, што гаварыў да іх: «Узыдзіце сюды». І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іх. 13 І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада абрынулася, і загінула ад землятрусу сем тысяч імён чалавечых, а тыя, што засталіся, былі ахоплены жахам і аддалі славу Богу, Які ў небе. 14 Гора другое мінула; вось, трэцяе гора прыйдзе неўзабаве. 15 І затрубіў анёл сёмы. І сталіся моцныя галасы ў небе, кажучы: «Зрабілася валадарства гэтага свету Валадарствам Госпада нашага і Хрыста Яго, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя». 16 І дваццаць чатыры старэйшыны, што сядзяць перад Богам на сваіх пасадах, палі на твары свае і пакланіліся Богу, 17 усклікаючы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Які ёсць, Які быў і Які ідзеш, што Ты узяў сілу Сваю магутную і запанаваў. 18 І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і гадзіна судзіць памерлых, і даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і час загубы для тых, што губяць зямлю». 19 І адчынілася Божая святыня ў небе, і бачны стаў каўчэг запавету Яго ў святыні Яго, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы і грамы, і былі землятрусы і град вялікі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)