Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АДКРЫЦЦЁ 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна ўпала з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад калодзежа бяздоння.

2 І адкрыла яна калодзеж бяздоння, і падняўся з калодзежа дым, як дым з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з таго калодзежа.

3 І з дыму таго выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.

4 І сказана ёй не шкодзіць траве зямлі, ані якой зеляніне, ані якім дрэвам, толькі адным людзям, якія не маюць пячаткі Божай на чолах.

5 І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэнне іх – як боль ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.

6 І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ смерць ад іх.

7 І саранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і на галавах яна мела быццам залатыя вянцы, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых,

8 і валасы мела падобныя да валасоў жанчын, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў,

9 і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясніц, запрэжаных коньмі, якія імчацца ў бой.

10 І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы, і ў сваіх хвастах мела ўладу шкодзіць людзям на працягу пяці месяцаў.

11 Маюць яны над сабой валадаром анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён.

12 Так прайшло першае гора, а вось, яшчэ два горы наступаюць пасля гэтага.

13 І шосты анёл затрубіў. І пачуў я адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніка, які перад Богам,

14 што сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: «Развяжы чатырох анёлаў, звязаных пры вялікай рацэ Еўфрат».

15 Тады былі развязаны чатыры анёлы, якія былі прыгатаваны на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей.

16 І лік коннага войска быў дваццаць тысяч па дзесяць тысяч; і пачуў я іх лічбу.

17 І так убачыў я ў з’яве коней і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя, і дымна-сінія, і серкава-жоўтыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іх шугаў агонь, дым і серка.

18 Ад гэтых трох бедстваў: агню, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, – загінула трэцяя частка ўсіх людзей.

19 Бо сіла коней у іх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да змеяў, маюць галовы і імі шкодзяць.

20 І рэшта людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся ад спраў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і балванам залатым, і срэбраным, і медным, і каменным, і драўляным, якія не могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць,

21 і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, не адмовіліся ад чараванняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад крадзяжоў сваіх.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы