1 І схопяць сем жанчын аднаго мужчыну, кажучы: «Хлеб свой есці будзем ды сваім адзеннем адзявацца. Дазволь толькі насіць нам тваё імя. Здымі з нас ганьбу». 2 У той дзень парастак Госпадаў зробіцца аздобай і славай, і плод зямлі будзе велічным і зробіцца радасцю для тых, якія будуць збаўлены з [роду] Ізраэля. 3 Ды станецца, што кожны ўцалелы на Сіёне, які асеў у Ерузаліме, будзе названы святым, кожны, хто ўпісаны на жыццё ў Ерузалім. 4 Калі Госпад абмые бруд дачок сіёнскіх і ачысціць Ерузалім ад крыві з нутра Яго подыхам суда і подыхам спалення, 5 тады ўтворыць Госпад на ўсёй прасторы гары Сіён і над скопішчам яе воблака ўдзень, дым і бляск полымя агністага — уначы: над усёю славаю — покрыў, 6 і палатка будзе ценем удзень ад спёкі ды забеспячэннем і сховішчам ад навальніцы і дажджу. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)