ІСАІ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І буду спяваць песню Міламу майму пра вінаграднік Яго: у майго Мілага быў вінаграднік на ўрадлівым узгорку. 2 Ён абкапаў яго, і ачысціў яго ад камянёў, і пасадзіў на ім адборную вінаградную лазу, і на сярэдзіне яго пабудаваў вежу, і выкапаў у ім выціскальню, і спадзяваўся, што народзіць ён вінаград, але ён нарадзіў дзікія ягады. 3 «Дык цяпер, о жыхары Ерузаліма і мужчыны Юды, рассудзіце паміж Мною і Маім вінаграднікам. 4 Што мусіў Я больш зрабіць для вінаградніку майго, а не зрабіў для яго? Чаму чакаў, што народзіць ён вінаград, а ён нарадзіў дзікія ягады? 5 І вось цяпер пакажу вам, што Я зраблю з вінаграднікам Маім. Разбяру агароджу яго, і ён будзе на знішчэнне, зруйную плот яго, і ён будзе на стаптанне. 6 Ды пакіну яго на запусценне: не будзе падразаны і акопваны і парасце асотам і цернем. Хмарам забараню даваць дождж на яго». 7 Вось жа, вінаграднік Госпада Магуццяў — гэта дом Ізраэля, а мужчыны Юды — гэта патомства яго выбранае. Спадзяваўся Я, што будзе ён спаўняць закон, а вось — беззаконне, чакаў справядлівасці, а вось жа — няправасць. 8 Гора тым, што далучаюць дом да дома, а поле яднаюць з полем аж да канца зямельных надзелаў! Ці ж вы адны толькі жывяце на сярэдзіне зямлі? 9 У вушах маіх загучала прысяга Госпада Магуццяў: «Напэўна, многа дамоў будзе знішчана: выгодныя і прыгожыя — без жыхароў!» 10 Бо дзесяць батаў вінаградніку дадуць адзін бат, а трыццаць мер зерня дадуць тры меры. 11 Гора тым, якія рана ўстаюць, каб хутчэй напіцца і трываць у п’янстве аж да вечара, каб віно разагрэла іх. 12 Цытра і ліра, бубен і флейта ды віно на іх балях, пра справу Госпада не дбаюць і не бачаць твораў рук Яго. 13 Дзеля таго народ мой трапіў у няволю, бо не меў розуму: яго вяльможы павыміралі ад голаду, а многія іншыя ад смагі пасохлі. 14 Таму апраметная расшырыла свае глоткі ды разявіла сваю пашчу нарасцяж: падаюць туды волаты Ерузаліма, і народ яго, і пыхлівыя, і тыя, хто весяліцца ў ім. 15 Паніжаны будзе чалавек ды ўпакораны муж, а вочы пыхліўцаў — апушчаны; 16 і ўзвысіцца Госпад Магуццяў на судзе, і Бог святы акажа Сваю святасць па справядлівасці, 17 і пасвіцца будуць ягняты ў сваёй чарадзе, як на сваім выгане, і чужыя будуць харчавацца на руінах багатых. 18 Гора тым, якія на вяроўках марнасці валакуць няправасць, а грэх — быццам лейцы запрэжкі! 19 Яны кажуць: «Хутчэй! Хай неўзабаве настане справа Яго, каб мы пабачылі; хай наблізіцца і надыдзе рада Святога Ізраэлева, і мы спазнаем тое!» 20 Гора тым, што ліха называюць дабром, а дабро — ліхам, якія выдаюць цемру за святло, а святло — за цемру, якія выстаўляюць горкае за салодкае, а салодкае — за горкае! 21 Гора тым, хто мудрыя ў сваіх вачах і разважлівыя ва ўласным уяўленні. 22 Гора тым, якія спрытныя ў піцці віна ды адважныя ў мяшаным п’янстве. 23 Яны апраўдваюць бязбожнага за дарункі, а справядлівага асуджаюць несправядліва. 24 З гэтай прычыны, як язык вогненны з’ядае салому і сена знішчаецца полымем, так корань іх будзе, быццам гніль, і квецень іх падымецца, як плясніна, бо адкінулі яны закон Госпада Магуццяў і словы Святога Ізраэлева зняважылі. 25 Таму ўзгарэлася абурэнне Госпада на народ Яго, і выцягнуў руку Сваю супраць яго, і ўдарыў яго, аж задрыжалі горы, і трупы іх, як гной, запоўнілі плошчы. Але на гэтым усім не спыніўся гнеў Яго, і рука Яго далей выцягнута. 26 І ўздыме Ён сцяг да далёкіх народаў, і свістам пакліча яго нават з ускрайкаў зямлі; і вось, ён прыйдзе спрытна і хутка, 27 няма ў ім кволага або спрацаванага, не задрэмле ён і не засне, не развяжацца пояс на клубах яго, ды не лопне раменьчык на сандалях яго. 28 Стрэлы яго вострыя, і ўсе лукі нацягнуты, капыты коней яго — як крэмень, калёсы яго павозак — як навала буры. 29 Рык яго, быццам ільвіны: рыкае, як ільвяняты, і скрыгіча; і хапае здабычу і хавае ў бяспечным месцы, і няма таго, хто мог бы вырваць. 30 І шум падымецца над ім у той дзень, як шум мора. Гляне ён на зямлю, а там страшэнная цемра; і святло схавалася ў яго тумане. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)