Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 9 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 9

Пс 9

1 Кіроўцу хору. Пасьля сьмерці Лабэна. Псальма Давідава.

2 Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае,

3 я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні.

4 Як павернуць назад мае ворагі, - спатыкнуцца й загінуць прад абліччам Тваім,

5 бо Ты вёў мой суд і маю цяжбіну; Ты сеў на троне, Судзьдзя справядлівы.

6 Ты абурыўся на народы, бязбожнага зьнішчыў, сьцёр іх імёны навечна.

7 У ворага зброі ня стала зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула зь імі памяць пра іх.

8 А Гасподзь жыве вечна; Ён трон Свой на суд падрыхтаваў,

9 і Ён будзе судзіць сьвет па праўдзе, па справядлівасьці суд над народамі ўчыніць.

10 І будзе Гасподзь прытулкам прыгнечанаму, прытулкам у скрушлівы час;

11 І спадзявацьмуцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.

12 Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя,

13 бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.

14 Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, - Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,

15 каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.

16 Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.

17 Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх.

18 Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, - усе народы, што забываюць Бога,

19 бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.

20 Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.

21 Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны.

22 Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?

23 Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.

24 Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.

25 Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; «не спагоніць»; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!

26 У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;

27 і кажа ў сэрцы сваім: «не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха».

28 Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.

29 Сядзіць у засадзе ў задвор'і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;

30 у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,

31 згінаецца, прыпадае, - і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;

32 кажа ў сэрцы сваім: «забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі».

33 Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.

34 Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты не спагоніш?»

35 Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.

36 Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.

37 Гасподзь - цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.

38 Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,

39 каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.