Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 105 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 105

Пс 105

1 Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная.

2 Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную?

3 Дабрашчасныя - хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час!

4 Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім,

5 каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю.

6 Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду.

7 Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора.

8 Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю.

9 Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім;

10 і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага.

11 Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося.

12 І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму.

13 Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня:

14 і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай.

15 І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць.

16 І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму.

17 Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню.

18 І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных.

19 Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу;

20 і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву.

21 Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў,

22 дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора.

23 І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх.

24 І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму;

25 і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга.

26 І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні,

27 і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі.

28 Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным,

29 і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх.

30 І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, - і спынілася пошасьць

31 І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род.

32 І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх,

33 бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі.

34 Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь;

35 а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх;

36 служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю,

37 і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам;

38 пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, - і зьнячысьцілася зямля крывёю;

39 зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі.

40 І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю

41 і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі.

42 Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю.

43 Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё.

44 Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі,

45 і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх,

46 і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон.

47 Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю.

48 Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!